Двух гамельчукоў асудзілі на тры гады за "стрыжку" незнаёмца
Мужчынам не спадабалася, што ў сустрэчнага хлопца былі доўгія валасы.
Да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзіў прысудзіў Чыгуначны суд Гомеля двух мужчын. Як піша "СБ — Беларусь сегодня", гэта маладыя людзі 32 і 33 гадоў. Адзін з іх працаваў на заводзе "Гомсельмаш", другі афіцыйна нідзе не працаваў. У дзень здарэння абодва выпілі і пайшлі на вуліцу. Там ім не спадабалася прычоска 23-гадовага хлопца, які выпадкова трапіўся ім на дарозе.
Як высветлілася на судзе, у хлопца быў нават не эпатажны іракез, а проста хвост валасоў, перахопленых ззаду гумкай. Ён не спадабаўся нецвярозым гамельчукам, якія і адрэзалі гэтыя валасы нажом. Потым адзін з нападнікаў яшчэ і стукнуў хлопца ў твар.
У судзе пацярпелы выставіў пазоў пра кампенсацыю маральнай шкоды на 2 мільёны рублёў. Сваякі абвінавачаных заплацілі гэтую суму да завяршэння працэсу. Пацярпелы дараваў нападнікам і папрасіў строга іх не караць.
Аднак суд цалкам падтрымаў пракурора. За асабліва злоснае хуліганства абодва мужчыны атрымалі па тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Хуліганы ў Гомелі "пастрыглі нажом" выпадковага мінака
Малюнак з сацсетак