Два рабаўнікі спрабавалі пажывіцца ў Чырвоным касцёле Мінска

Крыміналісты разам з байцамі спецпадраздзялення "Алмаз" і аператыўнікамі Маскоўскага РУУС Мінска па гарачых слядах затрымалі двух маладых людзей, якія ўчынілі разбойны напад.

Як паведамляе сайт мінскай міліцыі, пад раніцу 1 красавіка праваахоўнікам паступіла паведамленне, што на начную вартаўніцу касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) напалі два невядомыя.

Маладыя людзі ўварваліся ў памяшканне, ужылі сілу да 63-гадовай жанчыны і патрабавалаі грошы, якія вернікі ахвяруюць храму. Пакуль нападнікі спрабавалі ўзламаць сейф, вартаўніца вырвалася і паклікала на дапамогу.
Рабаўнікі ўцяклі. Але неўзабаве праваахоўнікі затрымалі іх па гарачых слядах. Як выявілася, нападнікі ўжо мелі раней судзімасці. Гэта 25-гадовы мінчук і 24-гадовы жыхар Капыльскага раёна. На іх пачалі крымінальную справу за разбой, учынены групай асоб, з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця.

Фота — visitminsk.by