Дональд Трамп зноў сабраўся ў прэзідэнты ЗША
 
  Сорак пяты прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў сабраўся ў прэзідэнты. Пра свой удзел у выбарах 2024 года ён можа ўжо абвясціць у верасні, піша The Washington Post.
Выданне сцвярджае, што цягам года давераныя асобы Трамба пераконвалі яго "прытрымлівацца сваіх інстынктаў" і не аб'яўляць аб удзеле ў наступных выбарах да прамежкавых выбараў у Кангрэс у лістападзе 2022 года. Але Трамп хоча зрабіць аб'яву як мага хутчэй. Бо лічыць, што патэнцыйныя сапернікі становяцца больш агрэсіўнымі на фоне паслаблення пазіцый Рэспубліканскай партыі.
"У сваёй галаве я ўжо прыняў гэтае рашэнне, таму нічога больш не ўплывае (на яго)", — заявіў Трамп, сцвярджаючы, што "калі я вырашу балатавацца, я выйграю".
Трамп, паводле выдання, ужо пачаў кансультацыі аб прэзідэнцкай кампаніі і сустрэчы з вядучымі спонсарамі.
Для ўдзелу ў выбарах экс-прэзідэнт ЗША мусіць заручыцца падтрымкай сваёй Рэспубліканскай партыі. Апошняе апытанне The New York Times паказвае, што ягоную кандыдатуру пакуль не падтрымлівае палова рэспубліканцаў.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
