Добраахвотная маркіроўка ровараў пачалася ў Брэсце (фота)
Праект накіраваны на прафілактыку крадзяжоў ровараў.
Як паведамляе партал "Віртуальны Брэст", сутнасць ідэі ў тым, што на раму наносіцца спецыяльны нумар, а ўладальніку выдаецца сертыфікат. На кожны ровар заводзіцца ўліковая картка, і ў выпадку крадзяжу ўладальнік можа ідэнтыфікаваць свой ровар.
Маркіроўка праводзіцца абласной Дзяржаўтаінспекцыяй сумесна з брэсцкім грамадскім аб'яднаннем "Крынічка", якое выступіла з ініцыятывай праекту.
Са словаў праваахоўнікаў, болей шансаў знайсці пазначаны ровар, калі ён будзе выкрадзены. Пагатоў што выдаліць рэгістрацыйны нумар з роварнай рамы без яе пашкоджання практычна немагчыма.
Паводле інфармацыі Брэсцкай абласной міліцыі, сёлета за восем месяцаў у вобласці зарэгістравана 306 крадзяжоў ровараў. За такі ж перыяд 2012 года — 371.