Для юрыдычных асоб у Беларусі увядуць шматфункцыянальныя паліўныя карты
Для юрыдычных асоб у Беларусі увядуць шматфункцыянальныя паліўныя карты. Пра гэта стала вядома па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, якая прайшла 2 траўня. Яна была прысвечана ўдасканаленню прававога рэгулявання ў асобных сферах эканамічнай дзейнасці.
На нарадзе разглядаўся праект указа “Аб паліўных картах”. Ён прадугледжвае ўкараненне згаданых прыстасаванняў для таго, каб аплачваць праезд аўтамабіляў па платных аўтадарогах, аплачваць запраўку, а таксама набыццё “розных спадарожных тавараў і паслугаў”. Лукашэнка ідэю ўкаранення паліўных картак падтрымаў, але даручыў дапрацаваць праект указа (праўкі з’явяцца ў справе абароны правоў спажыўцоў). Кіраўнік дзяржавы заявіў, што працэс выпуску картак мусіць быць “абсалютна празрыстым”, ён мусіць быць прыстасаваны да рынкавых умоваў.
Старшыня канцэрна “Белнафтахім” Ігар Ляшэнка заявіў, на нарадзе былі прынятыя “асноўныя пазіцыі” праекта ўказа. Ён адзначыў, што паліўныя карткі выкарыстоўваюцца і цяпер, але выключна для аплаты праезду па аўтадарогах. Ляшэнка згадаў і так званыя чыпы, якія выкарыстоўваюць ужо два дзесяцігоддзі некаторыя арганізацыі для набыцця паліва на запраўках. Іх таксама аднясуць да паліўных картак, інфармуе БЕЛТА.