Дабрачынны фонд Карпянкова забяспечвае яго сваячку і жонак калег з ГУБАЗіКа

Мікалай Карпянкоў падчас разгону пратэстаў у 2020 годзе

Мікалай Карпянкоў падчас разгону пратэстаў у 2020 годзе

Фонд "Маладая Гвардыя" аб'ядноўвае моладзевыя вайскова-патрыятычныя клубы пры ўнутраных войсках МУС. Клубы з'явіліся ў 2021 годзе з ініцыятывы цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова

Фонд "Маладая гвардыя" ўзнік у траўні 2024-га. Ён каардынуе мерапрыемствы, вядзе камунікацыю з донарамі, займаецца закупкамі, аказвае адрасную дапамогу падраздзяленням, дзе працуюць клубы. Спярша яго ўзначаліла Ала Веруш — дацэнтка Акадэміі кіравання пры Лукашэнку. Яна рэгулярна выступала на пляцоўках разам з сілавікамі і ў публічных тэкстах пазіцыянавала сябе як прыхільніца "традыцыйных каштоўнасцяў", крытык анархізму і змагарка з "экстрэмізмам" сярод моладзі, піша "Бюро".

Але ўжо ў кастрычніку яе змяніў на гэтай пасадзе Сяргей Грабеннікаў, афіцэр унутраных войскаў і намеснік Мікалая Карпянкова. Неўзабаве пасля прызначэння яго адправілі ў адстаўку з МУС, і ён шчыльна заняўся фондам. Пры гэтым заснавальнікам называецца Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне "Беларускае таварыства "Веды", якое цяпер узначальвае прапагандыст Вадзім Гігін.

У штаце фонду ўсяго восем супрацоўнікаў — дырэктар, дарадца па вайскова-патрыятычным выхаванні, PR-спецыяліст, трое спецыялістаў па ВПК і двое па маркетынгу.

Па стане на 2024 год спецыялісткай па маркетынгу там працавала нявестка Карпянкова. Аксана Карпянкова — жонка Ігара Мікалаевіча Карпянкова, сына намесніка міністра. Яе прынялі ў верасні 2024 года, і раней яна ніяк не была звязаная з патрыятычным выхаваннем і моладдзю.

Таксама ў штаце працуюць і жонкі дзейных сілавікоў, у тым ліку былых саслужыўцаў Карпянкова па ГУБАЗіКу, які ён узначальваў да прызначэння намеснікам міністра.

Дар’я Арлоўская — доктарка, у фондзе з траўня 2024-га. Яе муж Вячаслаў Арлоўскі быў начальнікам аддзела ГУБАЗіКа, у 2021-м ён прапанаваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.

Вольга Бушыла – сама афіцэрка МУС: яна служыла ў ГУУС Мінгарвыканкама і АГіМ Ленінскага раёна Мінска. Яе муж — супрацоўнік ГУБАЗіКа Ігар Бушыла. Як пісалі ў пратэсных тэлеграм-каналах, ён удзельнічаў у пераследзе палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Ганна Шыг працуе ў фондзе з ліпеня 2024-га. Муж — Руслан Шыг, камандзір узвода в/ч 3214.

Аліна Шаюнова — лейтэнантка, майстарка спорту міжнароднага класа па кіданні молата. Адначасова яна жонка Юрыя Шаюнова, лёгкаатлета, лейтэнанта ўнутранай службы і чальца спартовай каманды ўнутраных войск МУС.

19-гадовая Лізавета Прадуха працуе ў фондзе з ліпеня 2024-га. Яе бацька – намваенкама, начальнік мабілізацыйнага аддзела, падпалкоўнік Міхаіл Прадуха.

Маёр МУС Алена Данілюк-Неўмяржыцкая служыць у спецназе ўнутраных войскаў (в/ч 3214). Неаднаразовая прызёрка па стральбе і мнагабор’і. Брала ўдзел у зборнай МУС на SWAT Challenge у Дубае і ў алімпійскай зборнай.

Знайшліся ў складзе фонду і былыя выхаванкі вайскова-патрыятычных клубаў. Напрыклад, Дар’я Вяргейчык была ў клубе "Адвага", створанага на базе асобнага атрада спецпрызначэння "Рысь". Цяпер яна працаўладкаваная ў фондзе і в/ч 3214 — спецназе МУС.

У гадавой справаздачы для Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама пазначана, што месячныя аклады ўсіх супрацоўнікаў — 20 126 рублёў. А за 2024 год на штат з падаткамі пайшло 308 899 рублёў, або 42% усіх выдаткаў фонду.

Большасць супрацоўнікаў аформленыя на 0,5 стаўкі. Напрыклад, дырэктар фонду за сваю палову стаўкі ў фондзе атрымлівае 3493 рублі за месяц. Поўная стаўка складала б 6986 рублёў — у 2,5 разу больш за сярэдні намінальны заробак па краіне. У астатніх пазначаныя заробкі ад 2315 да 2674 рублёў.

Як падлічылі ў "Бюро", вывучыўшы дакументы фонду, больш за 60% усіх выдаткаў фонду сыходзіць на апарат і падрадчыкаў. На "дапамогу часцям" — каля чвэрці (26,6%). На падтрымку шматдзетных сем’яў, спартовыя мерапрыемствы, навучанне і аздараўленне ідзе менш за 4% ад усіх выдаткаў.

Крыніцы фінансавання фонду не раскрываюцца. Раней у СМІ называлася прынамсі адна з арганізацый-спонсараў — ААТ "Александрыйскае". У 2024-м фонд падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з Дзяржстандартам, а ў 2025-м — з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Таксама  ў СМІ трапляў ліст Карпянкова да міністра прамысловасці Аляксандра Яфімава з просьбай аб спонсарскай дапамозе "на сістэмнай аснове". Пры гэтым ён сцвярджаў, што ўзгаджніў пытанне з дырэктарам ААТ "Інтэграл" Андрэем Буйневічам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.