Да бацькоў актывіста БСДП прыйшлі з ператрусам
Партыйныя сцягі БСДП (Грамада), ілюстрацыйнае фота / старонка сябра БСДП у фэйсбуку
Сілавікі ў цывільным 13 траўня зладзілі ператрус у бацькоў актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Напярэдадні стала вядома, што партыю прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Сам актывіст знаходзіцца за мяжой. У бацькоў папрасілі паказаць яго асабістыя рэчы.
Як паведамляе "Сацыял-дэмакратычны канал", сілавікі забралі партыйны сцяг, партыйны білет, перадвыбарчыя плакаты, буклеты, Статут партыі ды іншую партыйную літаратуру. Дарэчы, партыйная сімволіка з ружай таксама прызнана "экстрэмісцкай".
БСДП была пазбаўленая юрыдычнай рэгістрацыі ў верасні 2023 года падчас палітычнай "зачысткі" ў Беларусі. Хаця фармальна партыя не існуе, а мноства яе сяброў знаходзяцца ў эміграцыі, МУС 7 траўня прызнаў яе "экстрэмісцкім фармаваннем". Такое рашэнне наконт палітычнай партыі прынятае ў Беларусі ўпершыню.