Да аховы выбарчых участкаў падключылі і "народнае апалчэнне"
"Народнае апалчэнне" на Віцебшчыне ў 2024 годзе / vitvesti.by
Да аховы выбарчых участкаў на Віцебшчыне падключылі і "народнае апалчэнне". Як вядома, рэжым Лукашэнкі яго рыхтаваў на выпадак вайны.
24 студзеня ў Наваполацкім гарвыканкаме прайшла нарада, прысвечаная правядзенню выбараў. У ёй удзельнічаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Яму і паведамілі, што ў Полацкім раёне ахоўваць выбарчыя ўчасткі міліцыянтам дапамагаюць не толькі дружыннікі і ветэраны міліцыі, але і "прадстаўнікі народнага апалчэння". Ці атрымалі апошнія зброю, невядома.
Атрады "народнага апалчэння" ў РБ пачалі ствараць у 2022 годзе з лаяльных рэжыму Лукашэнкі людзей (нярэдка былых міліцыянтаў, вайскоўцаў, чыноўнікаў, паляўнічых), якім у сваіх населеных пунктах трэба будзе дапамагаць міліцыі ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі", у ахове розных аб'ектаў. Некаторыя з удзельнікаў думалі, што іх рыхтуюць да вайны з NATO.