Цытаты Марка Рубіа, якія дапамогуць зразумець пазіцыю новага дзяржсакратара ЗША
Дзяржаўны сакратар Марка Рубіа / PAP
Сенатар Марка Рубіа стаў дзяржаўным сакратаром ЗША ва ўрадзе Дональда Трампа. Цяпер ён будзе адказваць за замежную палітыку ЗША. Але якая ў яго пазіцыя? Падаем выказванні Рубіа пра Беларусь, Пуціна і дыктатуру. Так вы адразу зразумееце палітыку новага кіраўніка Дзярждэпа.
Пра Беларусь
"ЗША падтрымліваюць беларусаў, якія працягваюць супраціўляцца рэжыму Лукашэнкі, што заявіў пра перамогу на сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах [2020 года]".
"Пасля фіктыўных выбараў у Беларусі ў мінулым месяцы [у жніўні 2020-га] беларускі народ смела выйшаў на вуліцы, каб адстаяць свае правы, уключаючы права свабодна і сумленна абіраць сваіх лідараў. Зараз Лукашэнка з'яўляецца нелегітымным прэзідэнтам, а яго рэжым, які мае цесныя сувязі з Пуціным, падрывае бяспеку ў рэгіёне. ЗША павінны падтрымліваць беларускі народ і ўводзіць санкцыі супраць тых, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў".
"Дыктатар Лукашэнка выкарыстоўвае масавую міграцыю, якую спансуе дзяржава, спрабуючы дэстабілізаваць польска-беларускую мяжу ў сваіх палітычных інтарэсах".
Пра вайну ва Украіне
"Мэта Пуціна цяпер заключаецца ў тым, каб атрымаць максімальны ўплыў, каб ён мог фактычна навязаць Украіне нейтралітэт, аднавіцца і ўварвацца зноў праз чатыры-пяць гадоў. І я думаю, што гэта не той вынік, які хто-небудзь з нас падтрымае".
"Я думаю, што ўкраінцы былі неверагодна адважныя і моцныя ў сваёй пазіцыі супраць Расіі".
"Вам неабавязкова быць прыхільнікам Уладзіміра Пуціна, каб хацець пакласці канец вайне".
"Шмат кажуць пра ядзерную зброю, але больш за ўсё мяне турбуе [магчымая] расійская атака на тэрыторыю NATO, напрыклад, на аэрапорт у Польшчы ці нейкі іншы пункт размеркавання [дапамогі Украіне]... І таму NATO, безумоўна, давядзецца адрэагаваць".
Пра дыктатуры
"У Маскве, Тэгеране і Пхеньяне дыктатары сеюць хаос і нестабільнасць і супрацоўнічаюць з радыкальнымі тэрарыстычнымі групамі і фінансуюць іх. Затым хаваюцца за сваімі правам вета ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і пагрозай ядзернай вайны".
"Тыран Уладзімір Пуцін, які зноў скраў выбары, выкарыстоўвае сваю "інаўгурацыйную цырымонію" як прапаганду. Яшчэ адзін прыклад аўтарытарнага дыктатара, які маскіруецца пад дэмакратычна абранага лідара".