Ці доўга пражыве руская пяхота ў лясах Беларусі? Нядоўга, упэўненыя эксперты

"Знаходжанне ў намётах больш за месяц — гэта вельмі напружана" / калаж Улада Рубанава
Вучэнні "Саюзная рашучасць" дазволілі з размахам размясціць расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Амерыканская кампанія Maxar Technologies публікуе спадарожнікавыя здымкі з месцаў збору ваеннай тэхнікі. На фота, па сцверджанні аўтараў, расійскія ракеты "Іскандэр", самалёты-штурмавікі, зенітна-ракетныя комплексы С-400, рэактыўныя сістэмы залпавага агню — і ўсё гэта за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Украінай.
Існуе меркаванне, што "вучэнні" могуць зацягнуцца на няпэўны тэрмін. Могуць з'явіцца шматлікія пяхотныя батальёны, якія кудысьці трэба рассяляць. Куды? Ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін лічыць, што ў Беларусі няма ўмоў для таго, каб з камфортам размясціць на працяглае пражыванне вялікі кантынгент войскаў.

— Для размяшчэння расійскіх сухапутных сіл у нас няма цяпер прыдатных гарнізонаў. А ўсё, што засталося ад савецкага войска, прыйшло ў заняпад, — кажа эксперт у гутарцы з Еўрарадыё. — Гэта дастаткова дарагая справа — падтрымліваць дадатковы жылфонд у захаванасці. Калі казармы не ацяпляць, не сачыць за вода- і электразабеспячэннем, каналізацыяй, то яны хутка прыйдуць у заняпад.
Размясціць войскі і забяспечыць іх жыццядзейнасць — складаная справа. Забяспечыць харчаваннем, сантэхнічнымі паслугамі, запраўкай, пастаўкай боепрыпасаў. Акрамя таго, неабходныя месцы ў тэхпарках для баявой тэхнікі.

Ракетчыкаў у Беларусі пакінуць прасцей, чым шматлікія пяхотныя батальёны
Але ці абавязкова рускай пяхоце ехаць у закінутыя савецкія казармы? Можна і ў лесе пажыць.
— Цяпер яны там [у часе вучэнняў. — Еўрарадыё] жывуць ва ўцепленых ацяпляных намётавых мястэчках, — працягвае эксперт. — Дваццаць-трыццаць дзён так можна пабыць. Але знаходжанне ў намётах больш за месяц — гэта вельмі напружана. А вось ракетную брыгаду можна размясціць. Там персаналу не вельмі шмат. Можна падрамантаваць ужо наяўнае збудаванне. Альбо пабудаваць неабходную колькасць боксаў і жылля, як, я думаю, збіраюцца зрабіць у Лунінцы для размяшчэння зенітна-ракетных комплексаў.
Гаворка можа ісці пра размяшчэнне авіяцыйнай базы або базы сухапутных ракетных войскаў з аператыўна-тактычнымі комплексамі "Іскандэр-М". Танкі, пяхота — гэта ўсё не так эфектыўна, не так пагрозліва для патэнцыйнага праціўніка. Гэта патрабуе вялікіх грошай на ўладкаванне. А "Іскандэры" адразу выклікаюць нервовыя дрыжыкі ў суседзяў.
Далёкасць гэтых сістэм ["Іскандэраў". — Еўрарадыё] складае пяцьсот кіламетраў. Яны мабільныя, на адной запраўцы запас ходу ў іх прыкладна тысяча кіламетраў. Іх можна будзе размясціць у раёне, дзе ёсць развітая дарожная сетка, адкуль яны прыедуць у любое месца краіны.

З’едуць праз два месяцы?
У часе "Саюзнай рашучасці" Мінабароны задзейнічала стары вайсковы аэрадром пад Лунінцом. Ці можа ён стаць новай расійскай авіябазай на тэрыторыі Беларусі?
— Лунінец не падыходзіць для авіябазы, — мяркуе ваенны аглядальнік. — Таму што ён вельмі блізка размешчаны да мяжы з Украінай. У выпадку ўзнікнення канфлікту такая база адразу будзе накрытая, напрыклад, украінскай рэактыўнай сістэмай залпавага агню "Вольха" або артылерыйскімі сістэмамі далёкага дзеяння.
Аляксандр Алесін перакананы, што для працяглага знаходжання расійскага кантынгенту трэба як мінімум выканаць усе фармальнасці.
— Каб у Беларусі надоўга размясціць расійскія войскі, трэба прыняць міжурадавае пагадненне з РФ. Па цяперашніх законах расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі могуць знаходзіцца на вучэннях са зброяй не больш за два месяцы. Пасля гэтага яны абавязаныя адбыць.


— Тыя сілы, якія разгорнуты ў Беларусі цяпер, там не застануцца. Яны перакінутыя з Далёкага Усходу. Ім трэба вяртацца назад на Далёкі Усход, "з японцамі ваяваць". Думаю, у сакавіку яны з'едуць, — дзеліцца меркаваннем з Еўрарадыё расійскі ваенны аглядальнік Павел Фельгенгаўэр. — У часе абвастрэння сітуацыі вакол Украіны Беларусь у ваенным сэнсе аказалася слабым звяном. Вось і даводзіцца заганяць туды сілы, каб гарантавана забяспечыць абарону.
Рэжым Лукашэнкі сам сябе абараніць не можа. У яго вельмі слабыя Узброеныя сілы. Напрыклад, для польскага войска гэта несур'ёзна. Абаронны бюджэт Беларусі ў два з паловай разы меншы, чым у Эстоніі. Асноўныя грошы трацілі на КДБ, міліцэйскі спецназ, які трымае яго ва ўладзе. Лукашэнка лічыў, што будуць "беларусы-партызаны", будзе мабілізацыя рэзервістаў, тэрытарыяльная абарона. Але цяпер гэта нельга выкарыстоўваць. Калі цяпер масава прызваць рэзервістаў, то з улікам таго, колькі адсоткаў беларусаў падтрымлівае Лукашэнку, незразумела, куды яны [рэзервісты. — Еўрарадыё] павернуць зброю. А значыць, даводзіцца замяняць іх расійскімі рэгулярнымі часцямі, — рэзюмуе эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.