Ці далучыцца Украіна да еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі?
Ці далучыцца Украіна да санкцый супраць Беларусі? / iStock/Global Images Ukraine
Не варта чакаць, што праблемы беларусаў вырашыць ЕС ці Украіна, кажа былы супрацоўнік беларускага МЗС, аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Павел Слюнькін. І раіць не крыўдзіцца на Украіну за гэта.
"Наіўна чакаць, што Украіна будзе гатовая да такіх страт. Для Украіны забарона на імпарт беларускіх нафтапрадуктаў прынясе мільярдныя страты. Краіна знаходзіцца ў стане вайны. Як яна будзе гатовая несці такія страты? І дзеля чаго? Ці спрацуюць яны [санкцыі супраць Беларусі]?" — задаецца пытаннем Слюнькін.
Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што і Беларусь не далучалася да санкцый супраць Расіі.
"Беларусь бачыла шкоду і патэнцыйныя эканамічныя магчымасці для сябе. Думаю, што Украіна цяпер таксама бачыць гэтыя выдаткі. Дый еўрапейцы дзейнічаюць не эмацыйна. Яны дзейнічаюць зыходзячы са сваіх інтарэсаў", — адзначае Слюнькін.
Гаворачы пра рэакцыю беларускага рэжыму на санкцыі, суразмоўца Еўрарадыё ўпэўнены: без закручвання гаек улада не можа існаваць.
"Сітуацыя зменіцца, толькі калі беларусы апусцяць рукі. Калі стан нелегітымнасці пяройдзе ў стан легітымнасці. Калі фармат узаемадзеяння беларускага грамадства і ўладаў стане такім, якім мы бачылі яго на працягу дзесяцігоддзяў да гэтага. Тады можна будзе чакаць лібералізацыі. Цяпер умоў для гэтага няма", — кажа суразмоўца Еўрарадыё.
І дадае: беларуская ўлада яшчэ будзе перастрахоўвацца і спяшацца з лібералізацыяй не стане.