Chatham House: прарасійскія настроі ў Беларусі — на максімуме за 5 гадоў
На мітынгу ў 2020
Колькасць прыхільнікаў саюзу з Расіяй у Беларусі да лістапада 2025 года дасягнула 44% — гэта максімум з верасня 2020-га і плюс шэсць працэнтных пунктаў у параўнанні са снежнем 2024-га, сведчаць даныя сацыёлагаў Chatham House.
Адначасова скарацілася колькасць прыхільнікаў саюзу з ЕС і Расіяй адначасова (22% у лістападзе гэтага года ў параўнанні з 29% у мінулым снежні). Колькасць тых, хто лічыць найлепшым варыянтам саюз з ЕС, з 2022 года застаецца плюс-мінус на адным узроўні — у лістападзе такіх было 15%.
Пры гэтым расійскую вайну ва Украіне падтрымліваюць толькі 27% (у снежні 2024-га такіх было 32%). Асуджаюць яе 38%, а астатнім 34% цяжка адказаць.
Што яшчэ цікавага даведаліся сацыёлагі з апытання?
Усё часцей “цяжка адказаць”
Па шэрагу пытанняў пра вайну са жніўня гэтага года прыкметна вырасла колькасць беларусаў, якія абралі варыянт “цяжка адказаць”.
Напрыклад, у адказ на просьбу пагадзіцца ці не на пытанне “Беларускія войскі не будуць удзельнічаць у вайне з Украінай” “так” адказаў 41% апытаных беларусаў (было 28%).
Даць ацэнку тэзісу “Вайна паміж Расіяй і Украінай не мае ніякага сэнсу” сёлета цяжка 35% рэспандэнтаў (было 26%), а сцверджанню
“Такія беларусы, як я, нясуць адказнасць за ваенныя дзеянні супраць Украіны з нашай тэрыторыі” — 42% супраць 29% у папярэднім апытанні.
Цікава, што больш “цяжка адказаць” з’явілася і ў адказах на большасць пытанняў пра інфармаванасць пра важныя падзеі апошняга часу. Напрыклад, гэты пункт насупраць тэмы пра перамовы паміж Расіяй і Украінай абралі 18% (было 11%). А па тэме дэфіцыту бульбы “цяжка адказаць” 12% рэспандэнтаў (было 7%).
Што беларусы думаюць пра вызваленне Сяргея Ціханоўскага
Сацыёлагі папрасілі ўдзельнікаў апытання назваць эмоцыі, якія яны адчулі пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага. Тут працэнты ўказаныя ад тых, хто ведае, хто ён такі.
“Ва ўсіх сегментах значная частка рэспандэнтаў была здзіўленая вызваленнем Сяргея Ціханоўскага. Пры гэтым прадэмакратычныя ўдзельнікі часцей адчувалі станоўчыя эмоцыі, тады як праўладныя — пераважна выказалі абыякавасць”, — адзначаюць у Chatham House.
Акрамя праўладнай групы, “абыякавасць” лідзіруе сярод лідараў таксама ў нейтральна настроенай аўдыторыі і ў эканамічна незадаволеных беларусаў.
Ведаюць пра датэрміновае вызваленне палітвязняў 73% беларусаў, але 16% упэўненыя, што гэтага не адбывалася. Найбольшы ўнёсак у пункт “гэтага не адбывалася” зрабілі так званыя “нейтралы” — 29%.
Агулам па краіне 32% беларусаў поўнасцю ўхваляюць вызваленні, а 15% — не. Нават у праўладнай групе ўхваленне выказваюць 20%, тады як неўхваленне — 19%.
Сярод нейтральнай групы неўхваленне выказваюць тыя ж 19%, але ўхвалення значна менш, чым у праўладнай групы — толькі 11%.
Усё больш — за ядзерную зброю ў Беларусі
Згодна з апытаннямі, расце колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў краіне: 45% у лістападзе, тады як у жніўні было 33%. Не ўхваляюць гэта 56% беларусаў, тады як у жніўні іх было 67%.
24% апытаных лічаць, што распараджацца ядзернай зброяй у Беларусі расійскае кіраўніцтва будзе самастойна, а яшчэ 23% — што расіяне “з удзелам беларускага боку”. Цікава, што гэты варыянт часцей выбіралі прадэмакратычныя беларусы (27%), чым праўладныя 23%. З іншага боку, адразу 26% праўладных беларусаў лічаць, што Беларусь і Расія будуць вырашаць на роўных.
Спыталі ў беларусаў і тое, што яны ведаюць пра падтрымку ўладамі Беларусі расійскай агрэсіі супраць Украіны. У лідарах — лячэнне расійскіх салдат (40%) і рамонт расійскай ваеннай тэхнікі (33%), а вось пункты пра наданне тэрыторыі для ўварвання і ракетных удараў выбрала менш за чвэрць рэспандэнтаў (21% і 17% адпаведна).
“Часцей за ўсё беларусы лічаць, што Беларусь лечыць расійскіх вайскоўцаў, рамантуе тэхніку і дазваляе выкарыстоўваць аэрадромы. Частка праўладных таксама верыць, што Беларусь стрымлівае сілы НАТА на іншых кірунках”, — кажуць сацыёлогі.
Сітуацыя ў краіне
Цікава, што найбольш задаволеныя эканамічнай сітуацыяй у Беларусі не толькі праўладныя беларусы, але і нейтральныя (80% і 61% адпаведна). У абедзвюх групах большасць згодная і з тэзісам, што Беларусі патрэбна моцная рука кіраўніка (91% і 52%), а таксама з тым, што ў апошні год сітуацыя ў краіне ідзе ў правільным кірунку (82% і 61%).
А вось эканамічна незадаволеная група хутчэй схіляецца ў поглядах да прадэмакратычнай.
Што думаюць у краіне пра сітуацыю ў краіне праз 10–15 гадоў? Найбольш аптымістычныя беларусы ў пытаннях адукацыі (56%) і экалогіі краіны (54%). Песімізм у асноўным выклікаюць узровень даходаў (40%) і эміграцыя людзей з Беларусі (38%).
Аптымізм адносна сітуацыі з правамі чалавека праз 10–15 гадоў адчуваюць 42%, а песімізм — 33%. Па тэме дэмакратыі і свабоды слова вераць у лепшае 33%, а нічога добрага не чакаюць 36%.
Як праводзілася апытанне
“Chatham House апытаў 713 рэспандэнтаў у жніўні і лістападзе 2025. Наша выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктавана па полу, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўні адукацыі”, — тлумачаць сацыёлагі.
Апытанне праводзілася на спецыяльнай анлайн-панэлі, таму выбарка абмежаваная карыстальнікамі інтэрнэту (94% насельніцтва).
“Таму, нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадства, ёсць верагоднасць, што падтрымка палітыкі Лукашэнкі можа быць крыху вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, паколькі прыхільнікі Лукашэнкі часта менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі. Наадварот, уплыў фактару страху пры праходжанні апытання можа заніжаць долю крытычных адносна дзейнай улады адказаў”.