У мінскім метро злавілі злодзея-кішэнніка

Як паведамляе мінская міліцыя, спачатку малады чалавек ехаў у тралейбусе 46-га гарадскога маршрута і на пад'ездзе да прыпынку "Станцыя метро "Няміга" скраў кашалёк у пасажыра ды адразу ж выйшаў з салона. Паколькі грошай там аказалася мала, зламыснік зайшоў у метро. Ён даехаў да станцыі "Купалаўская" і перайшоў на "Кастрычніцкую".



У вагоне цягніка першай лініі метро мужчына выцягнуў кашалёк з сумкі жанчыны і выйшаў на станцыі "Плошча Перамогі". Аднак пры выхадзе з вестыбюля зламысніка затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Пра скрадзены кашалёк пасажырка метро даведалася ад міліцыянтаў. Акрамя значнай сумы грошай там былі залатыя вырабы, банкаўскія карткі і дакументы.



Цяпер праваахоўнікі высвятляюць датычнасць затрыманага да іншых злачынстваў. Раней ён ужо трапляў за краты за крадзяжы.
 

Фота — bymedia.net