Чаму руская мова з'явілася ў абвестках у транспарце, патлумачылі ў "Мінсктрансе"
Аўтобус у Мінску
"У нас дзве афіцыйныя мовы", — так у "Мінсктрансе" патлумачылі з'яўленне рускамоўных абвестак у грамадскім транспарце сталіцы.
Мінчукі заўважылі, што ў грамадскім транспарце стала больш гучаць абвестак па-руску. Раней большасць абвестак былі беларускімі. У сацсетках людзі дзівіліся і абураліся новаўвядзеннямі.
Журналісты, якія звярнуліся ў "Мінсктранс" як звычайныя грамадзяне, атрымалі традыцыйны сакраментальны адказ пра "дзве афіцыйныя мовы" ў краіне (мабыць, меўся на ўвазе статус дзяржаўных), таму абвесткі, маўляў, могуць гучаць на любой з іх.
"Што да таго, што ўсё абвяшчаецца на рускай, — трошкі з вамі не згодны. Назвы прыпынкаў адназначна абвяшчаюцца на беларускай мове, а інфармацыя агульнага характару, кшталту "Праходзьце ў сярэдзіну салона" ці "Здымайце заплечнікі", на адным прыпынку можа гучаць па-руску, а праз некалькі прыпынкаў — па-беларуску", — прыводзіць "Наша Ніва" адказ супрацоўніка "Мінсктранса".
Раней прарасійская актывістка Вольга Бондарава абуралася, што абвесткі ў транспарце гучаць толькі па-беларуску. Спярша кіраўніцтва "Мінсктранса" адказала, што немагчыма даваць абвесткі на дзвюх мовах, бо транспарт стаіць на прыпынку не больш за хвіліну. Але цяпер, мяркуючы па ўсім, транспартнікі пайшлі на саступкі Бондаравай.