Чаму Еўропа адзначае Дзень Перамогі восьмага траўня, а Беларусь — дзявятага
Дзень Перамогі / Калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё
“На самай справе вайна скончылася ў траўні 1945 года, а капітуляцыя Германіі адбылася два разы”, — кажа гісторык Аляксандр Фрыдман, якога Еўрарадыё папрасіла адказаць на пытанне: “Чаму ў Беларусі Дзень Перамогі адзначаюць дзявятага траўня, а ў краінах ЕС — восьмага”.
Таксама мы паразмаўлялі пра тое, як так сталася, што дзень святкавання перамогі над нацызмам ператварыўся ў галоўны інструмент прапаганды Пуціна і Лукашэнкі.
— Дык калі святкаваць?
— Першы раз капітуляцыя была падпісаная сёмага траўня ў Рэймсе, восьмага — у Берліне, паколькі савецкі бок быў незадаволены першай. Хацелася зрабіць гэта больш пампезна і прыгожа, што яшчэ раз падкрэсліла б уклад СССР у перамогу над нацыстамі. Падпісанне адбылося восьмага траўня ўвечары, але па маскоўскім часе гэта было ўжо дзявятага. Сталін для сябе асабіста вырашыў, што ў СССР, куды ўваходзіла і Беларусь, трэба адзначаць свята ў той дзень, калі да людзей дайшла навіна, таму на нашай тэрыторыі менавіта дзявятае траўня было абвешчанае днём перамогі над Германіяй.
На Захадзе, у ЗША, Вялікабрытаніі, зразумела, усё засталося на ўзроўні падпісання дакумента. У той жа Францыі 8 траўня — гэта па-ранейшаму дзяржаўнае свята.
— Сёння ва Украіне ёсць людзі, якія адмаўляюцца ад святкавання перамогі ці святкуюць яе восьмага траўня…
— Доўгі час пытанне святкавання не было прынцыповым. Падавалася зусім зразумелым: Захад святкуе восьмага, Усход — дзявятага. Нейкай палітычнай афарбоўкі ў гэтым не было — проста традыцыі. Зараз гэта, канечне, пытанне ўжо палітычнае і звязанае з тым, што адбываецца ва Украіне. Дыскусія наконт таго, калі Украіна павінна святкаваць Дзень Перамогі, — вядомая. Калі восьмага траўня — гэта далучэнне да еўрапейскіх традыцый, калі дзявятага — гэта, хутчэй, ты па-ранейшаму адданы савецкай традыцыі альбо сённяшняй расійскай.
— Цікава, што ў палітычным календары Беларусі і Расіі 9 Траўня з’яўляецца амаль што галоўным святам. Пампезнае святкаванне перамогі з парадамі — гэта традыцыя?
— Гэта звязана з тым, якую ролю адыгрывае вайна як ключавая падзея ў культуры памяці і ў прапагандзе, у якой вайне надаецца ўвага.
Калі паглядзець на парады, на пампезнае святкаванне, увесь гэты культ перамогі ў нашых краінах, можа падацца, што так сапраўды было заўсёды. Так, спачатку дзявятае траўня было аб’яўленае дзяржаўным святам. З 1945-га па 1947 год яно такім заставалася. Потым нават Сталін вырашыў, што хопіць займацца гэтай вайной, маўляў, трэба ісці наперад і адбудоўваць краіну. Таму яшчэ пры Сталіне дзявятае траўня было пазбаўленае статусу дзяржаўнага свята. Калі людзі святкавалі яго, перш за ўсё гэта рабілі франтавікі, якія прайшлі вайну і якія ведалі, што азначае гэтая перамога.
Потым пасля Сталіна ў часы хрушчоўскай адлігі Хрушчоў увогуле не надаваў вялікага значэння перамозе. Калі паглядзець савецкія газеты, тэма, канечне, прысутнічала, але не так пампезна, як пасля.