Чаму апазіцыя не здолела выставіць адзінага кандыдата?

Апазіцыя ў чарговы раз не здолела дамовіцца. Нават на ўзроўні адной вобласці. І таму змагацца за апошні вольны мандат дэпутата парламента будзе не адзін, а чатыры кандыдаты ад дэмсіл: “адзіны”, прадстаўнікі АГП і партыі “Справядлівы свет”. Гэта пры тым, што ў Гомелі анансаваўся адзіны кандыдат ад апазіцыі.

Нагадаем, падчас мінулых парламенцкіх выбараў у Гомелі не абралі свайго парламентарыя — праўладны кандыдат зняўся, а прадстаўнік ЛДПБ нібыта не набраў неабходную колькасць галасоў. Таму давыбіраць дэпутата будуць падчас мясцовых выбараў.

Для тых васьмі структур, якія вылучылі адзінага кандыдата ў парламент па Навабеліцкай выбарчай акрузе, з’яўленне яшчэ трох дэмакратычных канкурэнтаў стала непрыемным сюрпрызам. Хоць дамаўляцца пра адзінага, абураецца сёння намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, пачалі ледзь не адразу пасля няўдалых выбараў 2012 года.

Андрэй Дзмітрыеў: “Я разумею, калі людзі кажуць: “Я хачу па гэтай акрузе ісці, бо я збіраюся там працаваць, мне гэта важна”. Добра, давайце! Адна парламенцкая акруга — гэта тры абласныя акругі. І як мінімум шэсць раённых акруг. Дык ідзіце па абласных акругах і рабіце супольную кампанію — яны кажуць: “Вось наш кандыдат у парламент”, а яна няхай кажа: “Вось людзі, з якімі я буду працаваць на месцах”. І гэта сапраўды будзе моцная кампанія. І ўсе разам ладзім назіранне”.

Асабліва крыўдна, прызнаецца Дзмітрыеў, што дамаўляцца даручылі мясцовым лідарам, якія ледзь не штодня сустракаюцца паміж сабой. Але і на месцах выявіліся сталічныя праблемы — няўменне дамаўляцца. Асабліва тады, калі ніхто і не спрабуе дамовіцца, пярэчыць лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Калі я прачытаў у СМІ гэтую інфармацыю (пра адзінага кандыдата па Навабеліцкай акрузе. — Еўрарадыё), я звязаўся са сваім намеснікам, які жыве ў Гомелі і доўгі час узначальваў нашу абласную арганізацыю, Васілём Паляковым, і даведаўся, што для яго гэта таксама была навіна, якую ён даведаўся са СМІ”.

І таму, кажа, спакойна вылучылі свайго кандыдата. Тым больш што іх стратэгія кардынальна адрозніваецца ад таго, з чым ідзе да выбаршчыкаў “адзіная” Галіна Краўчанка. Калі яна заклікае выбаршчыкаў галасаваць за яе і абяцае вырашаць мясцовыя праблемы, то кандыдат ад АГП будзе даводзіць людзям, што выбараў няма і трэба дамагацца ад улады правядзення справядлівага і сумленнага галасавання.

На тое, што з імі і не спрабавалі дамаўляцца наконт адзінага кандыдата, спасылаюцца і ў партыі “Справядлівы свет”. Таму левыя і вырашылі пазмагацца за месца ў парламенце.

А вось сама “адзіны кандыдат” Галіна Краўчанка прызнаецца: для яе вылучэнне калег-канкурэнтаў нечаканасцю не стала.

Галіна Краўчанка: “Мы, у прынцыпе, чакалі, што будзе два ці тры кандыдаты (ад дэмакратычных сіл. — заўв. Еўрарадыё). Бо акруга адна і нават дзеля піяру ёсць сэнс іншым дэмакратычным сілам вылучаць некага — самі па сабе мясцовыя выбары ніякай цікавасці ў тых жа СМІ практычна не выклікаюць”…

І ніякай засмучанасці з нагоды няўдалага “адзінства” не выказвае. Маўляў, некалькі дэмакратычных кандыдатаў здолеюць загітаваць большую колькасць выбаршчыкаў. Атрымліваецца, што гомельскі эксперымент з адзіным кандыдатам больш засмучае сталічных лідараў апазіцыі. Бо гэта ставіць пад сумнеў іх здольнасць дамовіцца па адзіным на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, тлумачыць Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Сітуацыя з Навабеліцкай акругай дае шмат падставаў для роздумаў: чаму ў нас не атрымліваецца яднання апазіцыі? Бо ў нас розныя стратэгіі, як вырашаць беларускую праблему. Ці ўпісвацца ў гэтую сістэму, гуляць па правілах улады, ці — казаць катэгарычнае “не” і навязваць свае правілы”.

Адмаўляцца ж ад сваёй стратэгій на карысць іншай ніхто пакуль не збіраецца. Таму, дадае Галіна Краўчанка, да выбараў-2015 ніякага яднання не будзе.

Галіна Краўчанка: “Асабіста я думаю, што так і будзе. На жаль. Хоць аб’яднацца трэба дзеля адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, бо мэта адна і распыляцца не трэба. А для гэтага неабходна, найперш, адкінуць свае асабістыя амбіцыі”.

І толькі Андрэй Дзмітрыеў асцярожны ў прагнозах-2015 — кажа, што час яшчэ ёсць і магчымасці для аб’яднання апазіцыі пад штандарам “адзінага” яшчэ застаюцца.

Дарэчы, відавочна, што не толькі чатыры дэмакраты прэтэндуюць на мандат парламентарыя. Паводле слоў Ганны Краўчанкі, подпісы за сваё вылучэнне збіраюць настаўніца, галоўны доктар мясцовага шпіталю і дырэктар лікёра-гарэлачнага завода. Магчыма, з’явіцца яшчэ “вылучэнец” з ліку кіраўніцтва рай- ці аблвыканкама.

Фота: Змітра Лукашука, Еўрарадыё, http://bymedia.net/