Былы старшыня Дзяржынскага райвыканкама асуджаны на 20 гадоў зняволення

Былы старшыня Дзяржынскага райвыканкама асуджаны на 20 гадоў зняволення

Былы старшыня Дзяржынскага райвыканкама асуджаны на 20 гадоў зняволення. Яго пакаралі за забойства з асаблівай жорсткасцю былой жонкі. Утрымліваць мужчыну будуць у калоніі строгага рэжыму. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны. Раней былы кіраўнік неаднаразова меў праблемы з законам, у тым ліку яго каралі і за службовыя злачынствы, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, забойства адбылося ў жніўні мінулага года. 67-гадовы мужчына раней сістэматычна катаваў сваю жонку. Калі яна з’ехала ад яго, пераследаваў яе, нібыта, “для аднаўлення адносінаў”, пагражаў забойствам. Жанчына звярталася ў міліцыю. Яна, дарэчы, з’яўлялася індывідуальным прадпрымальнікам, мела некалькі гандлёвых кропак, у тым ліку і ў Фаніпалі (там і адбылася трагедыя). Падчас следства былы кіраўнік выканкама распавёў, што прыехаў да былой жонкі, нібыта, перадаць грошы. Паміж імі ўзнікла сварка “на глебе асабістых непрыязных адносінаў”. Мужчына нанёс 59-гадовай жанчыне складным нажом мноства раненняў, ад якіх яна памерла на месцы. Забойцу затрымалі пры спробе ўцячы з месца злачынства.