Былы маёнтак Дуніна-Марцінкевіча пад Бабруйскам прадаюць за 1,5 млн долараў

Гатэль на месцы былога маёнтка Дуніна-Марцінкевіча / ipmtorgi.by
Праз аўкцыённую пляцоўку "ІПМ-Таргі" прадаюць вялікі гатэльны комплекс "Вішнёвы сад". Ён размяшчаецца ў Бабруйскім раёне каля вёскі Шчаткава.
На старонцы лота сцвярджаецца, што раней тут быў маёнтак Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — класіка беларускай літаратуры і заснавальніка беларускай драматургіі. Лот прадаюць як комплекс будынкаў, які ўключае ў сябе гатэль, бар, банкетную залу, аквазону, кінатэатр. Таксама ў лот уваходзіць мэбля, прадметы інтэр'еру і сістэма аховы. Акрамя будынкаў (агульная плошча — 2064 квадратныя метры) у склад лота ўвайшлі два зямельныя ўчасткі плошчай 0,2625 і 0,0514 гектара.
Прадаўцом выступае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Бізнес РМ", якое сыходзіць у ліквідацыю.
Паводле сайта комплексу, нумар люкс у гатэлі каштуе 400 рублёў за суткі.
Стартавы кошт лота — 4 202 287,94 рубля. Гэта цана ўжо зніжаная на 20%. Таксама пакупнік павінен выплаціць ўзнагароджанне арганізатару таргоў (3% ад цаны продажу лота) і выдаткі на правядзенне аўкцыёну (400 рублёў).
Атрымліваецца, што мінімум, які давядзецца заплаціць пакупніку — 4 545 174 рублі (прыкладна 1 497 093 долары па цяперашнім курсе Нацбанка), падлічыла выданне blizko.by.
Таргі прызначаныя на 13:00 30 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.