Былы кіеўскі дынамавец Арцём Мілеўскі будзе выступаць за брэсцкае “Дынама”. Фота

Вядомы футбаліст Арцём Мілеўскі будзе выступаць за брэсцкае “Дынама”. 6 ліпеня стала вядома, што ён падпісаў кантракт з беларускім клубам, які разлічаны на 1,5 года. Мілеўскаму 32 гады. Ён нарадзіўся ў Мінску, але ў 2000 годзе пераехаў ва Украіну, атрымаў украінскае грамадзянства, выступаў за зборную Украіны (у 50 матчах забіў 8 галоў). Футбаліст 11 гадоў гуляў за кіеўскае “Дынама” (у 2010-м быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату, забіў 17 галоў). Пасля ў яго пачаўся не лепшы перыяд у кар’еры, гуляў у Турцыі, Харватыі, Румыніі. Апошнім клубам Мілеўскага была расійская “Тосна”, якая сёлета выйшла ў расійскую прэм’ер-лігу. Нападаючы ў мінулым сезоне ў 18 паядынках галоў не забіў, зрабіў толькі 3 галявыя перадачы.
Пасля падпісання кантракту Арцём Мілеўскі сказаў, што ўдзячны кіраўніцтву брэсцкага “Дынама” “за магчымасць згуляць на роднай зямлі” (яго бацька нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці). Ён, нібыта, на працягу ўсёй сваёй кар’еры думаў, што аднойчы вернецца ў беларускі чэмпіянат.