Былому следчаму Яўгену Юшкевічу выставілі яшчэ два абвінавачванні

Былому следчаму, ініцыятару праекта ByChange Яўгену Юшкевічу выставілі яшчэ два абвінавачванні, піша spring96.org. З красавіка ён знаходзіцца за кратамі, спачатку ў СІЗА КДБ, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску. Юшкевіча затрымалі па падазрэнні па артыкуле "Акт тэрарызму". Праваабаронцам стала вядома, што яму таксама выставілі абвінавачванні па артыкулах "Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "Масавыя беспарадкі". У СІЗА ў Яўгена Юшкевіча ўзялі падпіску аб неразгалошванні, каб ён нават сваім сукамернікам не распавёў, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць.
Былы следчы лічыць, што яму помсцяць за выкладзенае ў інтэрнэт відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў у сакавіку на допыт у Следчы камітэт.
Тэрмін утрымання пад вартай Юшкевічу працягнулі да 19 жніўня. Ён быў прызнаны палітвязнем яшчэ ў канцы 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.