Былога намесніка міністра абароны Беларусі завочна асудзілі ў Літве на 14 гадоў

Былога намесніка міністра абароны Беларусі завочна асудзілі ў Літве на 14 гадоў

27 сакавіка Віленскі акруговы суд абвясціў прысуд па справе пра штурм Віленскага тэлецэнтра, які адбыўся 13 студзеня 1991 года. Згодна з выракам, былы намеснік міністра абароны Беларусі (у 2000-2004 гадах) генерал Уладзімір Усхопчык завочна асуджаны на 14 гадоў турмы, піша ru.delfi.lt.

Усхопчыка, які падчас гэтых падзеяў узначальваў Віленскі гарнізон, прызналі датычным да гібелі людзей пры штурме тэлецэнтра. Пасля Вільні яго перавялі на службу ў Беларусь. Літва некалькі разоў падавала ў Беларусь просьбы пра выдачу генерала, але атрымлівала толькі адмовы. 

Агулам прысуды вынесеныя 67 грамадзянам Беларусі, Украіны і Расіі. Яны асуджаныя на тэрміны ад 4 да 14 гадоў. Сярод іх, напрыклад, былы міністр абароны СССР Дзмітрый Язаў, якому прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі. Большасць фігурантаў справы асуджаныя завочна, бо Расія і Беларусь адмовіліся іх выдаваць.

З усіх падсудных на судзе былі толькі два чалавекі — савецкія афіцэры, грамадзяне Расіі. Гэта Юрый Мель, затрыманы ў 2014 годзе, і жыхар Вільні Генадзь Іваноў. Меля асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, Іваноў — на чатыры гады.

У студзені 1991 года захапілі Віленскую тэлевежу і будынак Літоўскага радыё і тэлевізіі. Пры гэтым загінулі 14 чалавек, больш за тысячу пацярпелі. Суд назваў гэтыя дзеянні агрэсіяй СССР супраць Літвы. У дзеяннях савецкіх вайскоўцаў, на думку суда, ёсць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці, прадугледжаных міжнародным правам.