Мігранты ўпершыню абскардзяць у судзе адмову Польшчы даць ім абарону

Мяжa з Беларуссю

Мяжa з Беларуссю / Reuters

Грамадзяне Афганістана, Эрытрэі і Судану, якія не змаглі патрапіць у Польшчу і былі вымушаныя вярнуцца ў Беларусь, падалі скаргі ў суд Беластока. Раней польскія памежнікі адхілілі іх хадайніцтвы аб прадастаўленні міжнароднай абароны, паведамляе польскае выданне Tokfm.

У аднаго з мігрантаў былі праблемы са здароўем, у Падляшскім ваяводстве яго шпіталізавалі, але падаць хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку ўсё роўна не дазволілі.

— Мы хочам, каб адміністрацыйны суд прыняў рашэнне аб законнасці адмовы ў прыёме заяваў аб прадастаўленні міжнароднай абароны, — сказаў Марцін Сасняк з Хэльсінкскага фонду па правах чалавека. — У нашай скарзе мы аспрэчваем палажэнні так званага закону аб прадастаўленні прытулку, уключаючы яго канстытуцыйнасць.

Пасля праходжання судоў у Польшчы замежнікі і іх адвакаты змогуць звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу.

Гэта першыя спробы абскардзіць так званы "Закон аб прытулку", які быў прыняты Сеймам і Сенатам Польшчы і падпісаны прэзідэнтам Анджэем Дудай у сакавіку 2025 года. Гэты закон дае ўраду магчымасць абмяжоўваць права на прытулок на пэўны перыяд і на пэўнай тэрыторыі. Права на прытулок замацавана ў Дэкларацыі правоў чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.