Зяленскі звярнуўся да свету пасля атакі на Кіеў

Наступствы начной атакі на Кіеў

Наступствы начной атакі на Кіеў / Ігар Кліменка, міністр унутраных справаў Украіны

Расія да гэтага часу карыстаецца тым, што хаця б частка свету заплюшчвае вочы на забітых дзяцей і шукае апраўданні для Уладзіміра Пуціна, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы начную атаку на Кіеў.

Атакавалі адразу некалькіх раёнаў украінскай сталіцы. У адным з іх удар прыйшоўся па жылым пяціпавярховіку, частка дома была знішчаная. У Кіеве вядома як мінімум пра васьмярых загінулых, сярод якіх адно дзіця. Пацярпелі 45 чалавек, сярод іх пяцёра дзяцей ва ўзросце 7–17 гадоў. Пад заваламі ўсё яшчэ могуць заставацца людзі.

Прэзідэнт Зяленскі звярнуўся да лідараў краін, якія да гэтага часу не выказалі выразнай пазіцыі ў вайне — сярод іх далёкі Кітай і суседняя з Украінай Венгрыя.

"Кітай неаднаразова заклікаў да непашырэння вайны і да спынення агню. Гэтая мэта не дасягнутая — з-за Расіі. Мы чакаем рэакцыі Венгрыі. Смерць дзяцей павінна выклікаць дакладна больш эмоцый, чым што-небудзь іншае. Мы чакаем рэакцыі кожнага ў свеце, хто заклікаў да міру, а цяпер часцей маўчыць, чым займае прынцыповую пазіцыю", — напісаў Зяленскі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.

Ён падкрэсліў, што ўжо былі сарваныя дзясяткі магчымасцяў для завяршэння вайны праз дыпламатыю, і заклікаў да новых санкцый супраць Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.