Трамп: рыхтуецца сумесная сустрэча Зяленскага і Пуціна

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША

Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША / NICHOLAS KAMM/AFP/Getty Images

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў расійскаму калеге Уладзіміру Пуціну пасля сустрэчы з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім у Белым доме, вынікае з яго публікацыі ў сацсетцы Truth Social.

"Па завяршэнні сустрэч я патэлефанаваў прэзідэнту Пуціну і пачаў падрыхтоўку да сустрэчы прэзідэнта Пуціна і прэзідэнта Зяленскага ў месцы, якое будзе вызначана", — напісаў амерыканскі прэзідэнт.

Пасля гэтай сустрэчы Трамп плануе правесці яшчэ адну, у якой апроч Зяленскага і Пуціна будзе ўдзельнічаць і ён сам.

"Гэта быў вельмі добры першы крок, калі казаць пра вайну, якая доўжыцца ўжо амаль чатыры гады", — дадаў Трамп.

Сустрэча Пуціна і Зяленскага можа адбыцца ў бліжэйшыя два тыдні, пацвердзіў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц. Пры гэтым ён не ўпэўнены, "ці хопіць Пуціну смеласці" прыехаць на такую сустрэчу.

 

Пуцін — не толькі ўкраінская праблема

Сустрэча Трампа і Зяленскага адбылася 18 жніўня. Апроч украінскага прэзідэнта з амерыканскім лідарам пагаварылі прэзідэнт Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Еўрапейцы паспрабавалі даць зразумець Трампу, што яны таксама адчуваюць сябе ўразлівымі перад магчымай будучай расійскай агрэсіяй Расіі, піша ВВС. Прэзідэнт Францыі змрочна заявіў калегам: "Калі мы гаворым пра гарантыі бяспекі, мы таксама гаворым пра бяспеку еўрапейскага кантынента".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.