Былога функцыянера БРСМ судзяць за ўцягванне людзей у фінансавую піраміду

Былога функцыянера БРСМ судзяць за ўцягванне людзей у фінансавую піраміду. 25-гадоваму Арцёму Масейчуку пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша TUT.by. Справу аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і махлярстве разглядае суд Ленінскага раёна Мінска.
Масейчук быў лідарам ячэйкі БРСМ у БНТУ, апрача таго займаў пасаду начальніка Штаба працоўных справаў, які курыраваў моладзевыя будатрады.
Вялікую вядомасць ураджэнец Пінска здабыў ў 2015-2016 гадах, калі стаў адным з удзельнікаў (па версіі сілавікоў — кіраўніком) беларускай галіны кампаніі Kairos Technologies, якая займалася прыцягненнем грашовых сродкаў насельніцтва.
Малады чалавек праводзіў прэзентацыі, семінары і акцыі з прыёмамі, дзе пераконваў у легальнасці дзейнасці кампаніі. На старонках у сацсетках пазіцыянаваў сябе паспяховым бізнэсмэнам: на фота былі дарагія гадзіннікі і тэлефоны, аўтамабіль “Мэрсэдэс»”.
Увосень 2016 года яго затрымалі сілавікі. Паводле следства, 25-гадовы малады чалавек ад студзеня 2015 да верасня 2016 года кіраваў беларускай ячэйкай Kairos Technologies і прыцягваў новых “укладчыкаў”.
Людзі здавалі частку жорсткага дыска ў арэнду і аплачвалі ўступны ўнёсак — ад 125 да 2777 долараў. Пасля ўкладчыкі атрымлівалі штомесяц прыбытак нібыта за захоўванне зашыфраванай інфармацыі буйных карпаратыўных кліентаў. Пры гэтым выплаты ажыццяўляліся за кошт новых “інвестараў” кампаніі.
Аплачваная арэнда часткі жорсткага дыска з'яўлялася асновай “легенды”, згодна з якой дзейнасць кампаніі ажыццяўлялася выключна ў IT-сферы. Пры гэтым паводле надзейнасці, хуткасці доступу і кошце прапанаваная паслуга не магла канкураваць з аналагічнымі прадуктамі буйных кампаній.
Галіна структуры Арцёма Масейчука налічвала 108 ўкладчыкаў, сумарны прыбытак склаў болей за 326 тысяч рублёў.
На думку пракурора, Масяйчук “выдатна разумеў, што “Кайрас” з'яўляецца фінансавай пірамідай, не ажыццяўляе тую дзейнасць, якая заяўленая, і разам з тым пагадзіўся быць у камандзе і ажыццяўляць дзеянні, скіраваныя на развіццё кампаніі”. Абарона ў сваю чаргу лічыць, што дастатковых доказаў вінаватасці Арцёма Мосейчука няма. На думку адвакатаў, іх кліент “азнаёміўся з рэгістрацыяй кампаніі, яе дзейнасцю ў ІТ-сферы, ведаў, што кампанія працуе ў 67 краінах, удзельнічае ў дабрачынных праектах і падтрымлівае гоначныя каманды, мае шмат станоўчых водгукаў”. Атрыманая інфармацыя не дала Масейчуку “падставы сумнявацца ў законнай дзейнасці кампаніі”, мяркуе абарона.
Таксама адвакаты заяўляюць, што абвінавачванне інкрымінавала Масейчуку атрыманне грашовых сум, да якіх ён не мае дачынення. Абарона сцвярджае, што падчас папярэдняга расследавання “на дапытваных аказваўся псіхалагічны ціск, скажаліся іх паказанні”.
Гэта пацвердзілі сведкі падчас судовага паседжання, якія паведамілі пра ціск і пагрозы на іх адрас. Супрацоўнікі УДФР спрабавалі схіліць Масейчука “да самаагавору, пагражаючы часам знаходжання ў СІЗА да суда, пагаршэннем умоў у СІЗА”.
Сам Масяйчук, які знаходзіцца за кратамі ўжо 19 месяцаў, падчас пасяджэння назваў сябе “звычайным карыстальнікам праекта кампаніі “Кайрас”. У апошнім слове ён заклікаў суд аб'ектыўна разабрацца ў справе. Ён настойвае на сваёй “поўнай і безумоўнай невінаватасці”.
Прысуд па гэтай справе будзе агучаны 10 траўня.