Будуць судзіць экс-гендырэктара баваўнянага прадпрыемства ў Баранавічах
Іван Турчак / ctv.by
У Баранавічах будуць судзіць былога гендырэктара мясцовага баваўнянага аб'яднання (БВБА) Івана Турчака і яго намесніцу па эканоміцы Алену Пасюкевіч. На гэтую інфармацыю звярнуў увагу тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю".
Экс-кіраўнікоў прадпрыемства вінавацяць паводле чч. 2 і 3 арт. 424 КК (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Ім пагражае ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Першае судовае пасяджэнне адбудзецца 14 лютага ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.
Таксама на разглядзе ў судзе знаходзяцца два грамадзянскія пазовы да некалькіх топ-менеджараў БВБА — на кампенсацыюі маёмаснай шкоды. Іх будуць разглядаць на пасяджэннях 6 і 7 лютага 2025 года.
Іван Турчак стаў гендырэктарам БВБА ў лютым 2012 года. Яго кандыдатуру на гэтую пасаду ўзгадняў Лукашэнка. Таксама Турчак быў дэпутатам Брэсцкага абласнога і Баранавіцкага гарадскога саветаў 27-га і 28-га скліканняў.
Як піша "Зеркало", БВБА з'яўляецца прадпрыемствам-"зомбі": для яго дзейнасці патрабуюцца пастаянныя фінансавыя ўліванні. У жніўні 2022 года стала вядома, што Агенцтву па кіраванні актывамі даручылі выкупіць даўгі БВБА — 26,45 млн рублёў і 13,26 млн долараў без уліку дысконту.
У лютым 2024 года стала вядома, што БВБА перайшло пад кіраванне Аршанскага льнокамбіната. Узначаліла баранавіцкае прадпрыемства Наталля Ваўчэцкая, якая да гэтага пяць гадоў кіравала швейнай фабрыкай "Блакіт".