Буданаў пракаментаваў размяшчэнне "Арэшніка" ў Беларусі — няма сэнсу

Кірыл Буданаў

Кірыл Буданаў

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыл Буданаў пракаментаваў магчымае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ракетнага комплекса "Арэшнік".

Гаворка ідзе пра комплекс і аднайменную гіпергукавую балістычную ракету сярэдняй дальнасці. Лічыцца, што "Арэшнік" можа паражаць мэты на дыстанцыі ў 5,5 тыс. км.

"Даўжыня Беларусі не такая вялікая, каб гэта мела нейкі сэнс. Расія можа са сваёй тэрыторыі спакойна іх запускаць, не пераймаючыся праз тое, што сама ўстаноўка можа патрапіць пад удар тактычных тыпаў узбраення. У гэтым проста няма сэнсу", — кажа Буданаў у інтэрв'ю "Апостраф ТВ".

Але палітычны сэнс у такога рашэння можа быць, прызнае кіраўнік украінскай разведкі.

У цэлым Буданаў апісвае комплекс і аднайменную ракету як сур'ёзную загрозу і прызнае, што перахапіць такую ракету Украіна не можа. Ці маюць для гэтага сродкі заходнія партнёры Украіны — "дыскусійнае пытанне", кажа Буданаў.

"У тэорыі — так, можна спрабаваць, але што з гэтага атрымаецца — не ведаю", — пракаментаваў кіраўнік ГУР.

Раней Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю "Тайм" казаў, што комплекс "Арэшнік" з'явіцца ў Беларусі да канца гэтага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.