Брытанская паліцыя не шукае Анжаліку Мельнікаву — Бі-Бі-Сі

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё
Брытанская паліцыя не праводзіць расследавання ў сувязі са знікненнем спікеркі беларускай Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Пра гэта журналістам Бі-Бі-Сі сказалі ў прэс-службе лонданскай паліцыі (Metropolitan Police).
Раней неафіцыйна паведамлялася, быццам Мельнікава з Польшчы вылецела ў Вялікабрытанію. Таксама паведамлялася, што ў актывісткі акрамя беларускага ёсць і польскае грамадзянства.
У польскай паліцыі 29 сакавіка сказалі, што Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы за некалькі тыдняў да таго. Былы муж актывісткі, які выехаў у Беларусь, кажа, што нічога не ведае пра яе лёс. Дзве іх маленькія дачкі знаходзяцца разам з мужам. Таксама пра лёс зніклай Мельнікавай нічога невядома яе бацькам.
Актывіст беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі Аляксей Лявончык напрыканцы мінулага тыдня паведамляў, што падаў заявы ў брытанскую паліцыю на вышук Мельнікавай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.