Брэстаўчанін зблытаў сваю ахвяру і задушыў выпадковага мінака (відэа)

Следчы камітэт Брэсцкай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы па забойстве 46-гадовага мужчыны ў верасні 2014 года. Падчас расследавання выявілася, што злачынец паблытаў і замест запланаванай ахвяры забіў выпадковага мінака.

Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта, забойства адбылося 17 верасня 2014 года. На ўскрайку Брэста каля лякарні знайшлі труп 46-гадовага мужчыны. Праваахоўнікі выявілі падазраванага — гэта быў 44-гадовы брэстаўчанін, раней судзімы за гвалтоўныя злачынствы. Мужчына патлумачыў следчым, што хацеў задушыць мужчыну, які скраў у яго бутэльку гарэлкі, але паблытаў яго з незнаёмцам.

Потым нападнік забраў у мужчыны пашпарт, зняў абутак, і спаліў іх. Цела ён паклаў так, каб стваралася ўражанне, быццам гэта спіць бяздомны. Толькі на наступны дзень мінакі звярнулі ўвагу, што мужчына больш за суткі ляжыць нерухома.

Каб заблытаць сляды, абвінавачаны абрабаваў некалькі лецішчаў. Ён спадзяваўся, што ў ізалятары зможа схавацца ад суда за забойства.

Крымінальная справа накіраваная ў суд.

Фота — sk.gov.by