Брэстаўчанцы, якая спрабавала атруціць мужа, далі 16 гадоў
Яе прызналі вінаватай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.
12 траўня ў Брэсце вынеслі прысуд 49-гадовай мясцовай жыхарцы, якая спрабавала атруціць уласнага мужа. Як паведамляе БЕЛТА, суд прызнаў яе вінаватай у замаху на забойства, замаху на забойства з карыслівых прычынаў і падрыхтоўцы да разбою групай асобаў. Па сукупнасці жанчына атрымала 16 гадоў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама ёй прысудзілі выплату кампенсацыі мужу ў памеры 50 мільёнаў рублёў.
Жанчыну затрымалі з палічнымі 2 верасня мінулага года падчас сямейнага пікніка. Яна спрабавала атруціць мужа, падсыпаўшы яму атруту ў талерку з ежай. Ад смерці мужчыну ўратавала толькі тое, што пра падрыхтоўку злачынства ведалі праваахоўнікі. Менавіта падстаўны “кілер” даў жанчыне бяскрыўдны парашок замест атруты.
Матывам здзяйснення злачынства было жаданне атрымаць кватэру мужа ў Брэсце і дом за горадам. Да таго ж асуджаная раней двойчы нападала на сужэнца — у 2008 годзе яна ўдарыла яго нажом у вобласць сэрца, а ў 2012 — у жывот. Мужчына пры гэтым хаваў сапраўдную прычыну траўмаў.