Брэсцкі рабочы адсудзіў у прадпрыемства за траўму 35 мільёнаў рублёў

Пра рашэнне суда на карысць былога працаўніка Галаўнога спецыялізаванага канструктарскага бюро Уладзіміра Саўлука паведаміла старшыня Брэсцкай рэгіянальнай арганізацыі прафсаюза Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк:



"Каля года цягнуліся цяжбы. Суд Ленінскага раёна горада Брэста прысудзіў, каб ГСКБ выплаціла Уладзіміру Саўлуку, сябру нашага прафсаюза, 35 мільёнаў рублёў маральнага адшкадавання. За гэтым стаіць складаная праца прававога інспектара па Брэсцкай вобласці Уладзіміра Малея".

Першы раз суд адмовіў Саўлуку ў іску. Абласны суд накіраваў справу на новы разгляд. Былі прызначаныя судовыя экспертызы, якія паказалі на вытворчы характар траўмы, сказала Зінаіда Міхнюк.



Нагадаем, рабочаму ў 2007 годзе станком раздушыла правую ступню. Яго пераканалі сказаць, што нагу траўмаваў дома падчас рамонту аўтамабіля. Пасля таго, як траціну ступні ампутавалі, Уладзімір Саўлук мусіў перайсці на больш лёгкую працу. Яму стала не хапаць грошай на лекі, і ён звярнуўся па дапамогу ў прафсаюз РЭП. Пазоў ён падаваў на 70 мільёнаў рублёў, але суд падтрымаў толькі палову гэтай сумы.

 

Фота — bymedia.net