Што чакае Беларусь у 2026-м? Прагноз ад "аракулаў" XXI стагоддзя
ШІ-мадэлі могуць быць і "таролагамі" / ChatGPT/Euroradio
Перад кожным Новым годам пачынаецца ўсплёск цікавасці да розных прадказанняў — не толькі экспертаў, але і таролагаў, астролагаў ды іншых анлайн-варажбітак. Але што могуць прадказаць Беларусі сучасныя "аракулы" — гэта значыць штучны інтэлект?
Еўрарадыё папрасіла Perplexity, Gemini, Grok, Claude, DeepSeek і ChatGPT даць свае прагнозы на 2026 год. Цікава, што шмат у чым розныя мадэлі ШІ сыходзіліся ў меркаваннях.
Стомленая стабільнасць
Амаль усе ШІ сыходзяцца ў тым, што 2026 год не стане годам рэзкага пералому. Гэта будзе час стомленай стабільнасці і ўнутранага надлому. У цэнтры амаль усіх прагнозаў — фігура Аляксандра Лукашэнкі.
ChatGPT кажа пра "няроўнае здароўе Лукашэнкі з перапынкамі і знікненнямі з публічнага поля", якія "не прыводзяць да змены ўлады, але ўзмацняюць нервовасць эліт". Gemini апісвае яго як "прымудронага патрыярха", які ўсё часцей дэлегуе руціну новым інстытутам [верагодна, ён мае на ўвазе УНС. — Еўрарадыё]. Claude дадае, што здароўе палітыка становіцца "фактарам нявызначанасці", а "эліты пачынаюць ціха пралічваць сцэнары транзіту, не адважваючыся дзейнічаць адкрыта".
Ці выпусцяць усіх палітвязняў
Аптымізму ў пытанні вызвалення палітвязняў у розных ШІ менш, чым у многіх беларускіх экспертаў.
Будучыня вызваленняў беларускіх палітвязняў розныя ШІ-мадэлі апісваюць амаль аднолькава — і даволі змрочна. Масавай амністыі не будзе.
Perplexity кажа пра "200–300 вызваленнях у абмен на санкцыйныя паслабленні". ChatGPT называе тое, што адбываецца, "хвалепадобнымі вызваленнямі" і "жэстамі для знешняй аўдыторыі, якія суправаджаюцца з'яўленнем новых крымінальных спраў".
Gemini апісвае вызвалення як "кропельным абмен", а DeepSeek дадае: рэпрэсіі застаюцца фундаментальным элементам сістэмы, а вызваленне людзей — інструмент знешняй палітыкі, а не крок да прымірэння ў грамадстве.
Дэмсілы — ні краху, ні прарыву
Кансэнсус у ШІ-прадказальнікаў склаўся і датычна беларускіх дэмакратычных сіл. Ніводная мадэль не прадказвае іх краху, але і прарыву ў іх дзейнасці таксама нібыта не будзе. ChatGPT апісвае дэмсілы як "разрозненыя і стомленыя, але сталеюць".
Gemini кажа пра "халодную зіму ўплыву" і "сыходзе актыўнасці ў глыбокае лічбавае падполле". Claude і DeepSeek звяртаюць увагу на фрагментацыю і зрушэнне фокусу ад мабілізацыі да "фізічнага і інстытуцыйнага выжывання". Grok дадае, што дэмакратычныя структуры па-ранейшаму будуць мець зносіны з замежнымі партнёрамі, але, на думку мадэлі, унутры Беларусі іх уплыў не вырасце.
Росту эканомікі не чакаць
Ад эканомікі Беларусі ў 2026 годзе нічога добрага "ШІ-варажбіткі" таксама не чакаюць.
Gemini прадракае "ціхую дэпрэсію санкцыйнага прывыкання". Grok прагназуе сціплы рост у межах 1-2% пры высокай залежнасці ад Расіі і рызыках інфляцыі і паслаблення рубля.
Claude і DeepSeek абодва выкарыстоўваюць тэрмін "кіраваная стагнацыя": краху не будзе, але старыя драйверы росту канчаткова выдыхнуцца. Perplexity асобна адзначае разыходжанне падыходаў Захаду: ЗША могуць ісці на кропкавыя паслабленні, ЕС — узмацняць ціск, праз што эканамічная стратэгія рэжыму стане "яшчэ больш сітуатыўнай".
Цікавасць да прадказанняў расце. Чаму?
Калі аналізаваць дынаміку пошукавых запытаў у Google, усплёск цікавасці да тэмы гараскопаў і карт таро прыпаў на 2020 год — пачатак пандэміі і выбараў у Беларусі. Але з тых часоў колькасць запытаў "таро" ў краіне працягвае расці, з'явілася мноства папулярных блогаў у сацсетках і на ютубе і сапраўдныя "зоркі" ў гэтай сферы, як украінка Анжэла Перл, якая жыве ў Аўстраліі.
Псіхолагі і антраполагі, як мы згадвалі вышэй, тлумачаць гэтую з'яву пачуццём няўпэўненасці і патэнцыйнай небяспекі. Пры дапамозе рознага кшталту прадказанняў, калі няма магчымасці дакладна ведаць, што чакае наперадзе, на фоне рэпрэсій і вайны, карты таро і гараскопы дазваляюць ствараць ілюзію кантролю будучыні. Пра гэта ёсць шмат навуковых прац, напрыклад, раз і два.
Калі вы адчуваеце моцную трывогу — звярніцеся да псіхолага або псіхатэрапеўта. Еўрарадыё пісала пра тое, дзе ў Беларусі можна атрымаць адпаведную дапамогу бясплатна.