Брату каліноўца прысудзілі паўтара года калоніі

Максім Урбановіч, архіўнае фота

Максім Урбановіч, архіўнае фота / svaboda.org

Суд Заводскага раёна Мінска прысудзіў паўтара года калоніі агульнага рэжыму Максіму Урбановічу. Хлопца прызналі вінаватым паводле "народнага" 342-га артыкула КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), паведамляе "Белсат".

Акрамя таго Максіма Урбановіча будуць прымусова лячыць у закрытай клініцы ад алкагалізму. Падчас следства хлопца абследавалі медыкі і выявілі ў яго крыві рэчывы, якія даюць падставы меркаваць, што ён хварэў на алкагалізм. Тэрмін знаходжання ў СІЗА Урбановічу залічылі ў агульны тэрмін пакарання.

Максім адмовіўся ад адваката і сам абараняў сябе на працэсе. Апроч "парушэння грамадскага парадку" яму прыпісалі яшчэ суму шкоды каля 10 000 долараў — нібыта ён прычыніў яе сваімі дзеяннямі, калі падчас народных пратэстаў у 2020-м спыняўся дарожны рух.

Максім Урбановіч — малодшы брат каліноўца Дзяніса Урбановіча пад пазыўным "Ваўкалак". 2 красавіка ў кватэру, якую арандаваў Максім, уварваліся сілавікі. Пасля ператрусу яго адвезлі на допыт у КДБ. Спачатку хлопца трымалі ў СІЗА КДБ, а потым перавезлі ў СІЗА №1 што ў Калядзічах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.