Больш за 400 фехтавальнікаў заклікаюць аднавіць праверку нейтральнага статусу

Фехтаванне, ілюстрацыйнае фота

Фехтаванне, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

447 фехтавальнікаў з 40 краін падпісалі адкрыты ліст у Міжнародную федэрацыю фехтавання (FIE). Яны незадаволеныя спрашчэннем працэдуры надання нейтральнага статусу.

Сярод падпісантаў 339 актыўных спартоўцаў, якія мелі магчымасць падпісаць ліст ананімна. На публікацыю сваіх імёнаў пагадзіліся 208 з іх. Адным з ініцыятараў збору подпісаў стала ўкраінка Вольга Харлан, адзначае "Трыбуна".

Спартоўцы выказваюць нязгоду з рашэннем FIE наконт крытэраў адбору для расійскіх і беларускіх спартоўцаў.

"З намі не кансультаваліся, і мы не ўдзельнічалі ў гэтых рашэннях, таму мы абавязаны публічна заявіць пра сваю пазіцыю. Як спартоўцы, мы не проста ўдзельнікі — мы гэта спорт, і мы падзяляем адказнасць за захаванне яго каштоўнасцяў", — падкрэсліваюць падпісанты.

Яны заклікаюць FIE "неадкладна адмяніць сваё рашэнне пра аднаўленне статусу расійскіх і беларускіх спартоўцаў і аднавіць дбайныя праверкі і разгляд кожнага спартоўца, які падае заяўку на атрыманне нейтральнага статусу".

Таксама падпісанты звароту заклікаюць Міжнародную федэрацыю фехтавання ўзгадніць сваю палітыку са стандартамі больш шырокай алімпійскай супольнасці па нейтралітэце і адборы ды праводзіць кансультацыі са спартоўцамі наконт рашэнняў, якія закранаюць этыку міжнародных спаборніцтваў.

Раней FIE дапусціла да чэмпіянату свету ў якасці нейтральных спартоўцаў шэраг беларусаў і расіян. У ліку расіян ёсць, напрыклад, маёр арміі РФ Сафія Вялікая.

Таксама была спрошчана працэдура надання нейтральнага статусу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.