Больш за 1000 выпускнікоў Ліцэя БДУ падпісалі зварот за сумленныя выбары
Выпускнікі Ліцэя БДУ выступілі з адкрытым зваротам у падтрымку сумленных выбараў. Яго падпісалі больш за 1000 чалавек.
Аўтары звароту нагадваюць, што Ліцэй БДУ — раўналетак незалежнай Беларусі. "Як арганізацыя сістэмы адукацыі Ліцэй прытрымліваецца прынцыпу нейтралітэту ў пытаннях палітыкі, рэлігіі і нацыянальнасцей, закладаючы агульначалавечыя маральныя каштоўнасці і выхоўваючы ліцэістаў у духу свабодамыснасці, братэрства і ўзаемапавагі. Менавіта таму мы, выпускнікі і выпускніцы Ліцэя ўсіх пакаленняў, палічылі непрымальным моўчкі назіраць за падзеямі, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і будучыню кожнага з нас", — пішуць яны. Падпісанты падкрэсліваюць, што адміністрацыя ліцэя не мае ніякага дачынення да іх ініцыятывы.
"Выбарчая кампанія пераўтварылася ў жорсткую і непрымальную барацьбу з іншадумствам. Наймайцнейшыя альтэрнатыўныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта былі знятыя з дыстанцыі на старце. Незалежныя кандыдаты і кандыдаткі не прайшлі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. На ўчасткі абмежаваны і доступ назіральнікаў і назіральніц. Тых, хто выходзіць на мірныя акцыі пратэсту альбо проста апынуліся побач з імі, хапаюць на вуліцах, кідаюць у аўтазакі і садзяць на суткі", — пералічваюць падпісанты.
Але падзеі апошніх месяцаў, па іх словах, паказалі, што ад кожнага чалавека залежыць значна больш, чым мы прызвычаіліся думаць: "Паасобку мы проста людзі, а разам — народ Беларусі".
Яны заклікаюць беларусаў да сумленных выбараў 9 жніўня: "Заяўляць пра парушэнні падчас выбарчай кампаніі — не толькі наша права, але і абавязак. Калі мы самі станем сведкамі такіх парушэнняў, мы будзем звяртацца ў ЦВК, да праваабаронцаў, назіральнікаў, у СМІ. Мы не будзем баяцца дзейнічаць публічна і называць свае імёны. Таму што не робім нічога ганебнага ці супрацьзаконнага. Таму што ананімныя звароты не ўлічваюцца. Мы заклікаем вас рабіць гэтаксама".
Падпісанты заклікаюць чальцоў выбаркамаў не ісці на дамову з сумленнем і не займацца падманам пры падліку галасоў на выбарах.
Міліцыянтаў яны заклікаюць узгадаць, што іх галоўная задача — абарона жыцця, здароўя, гонару, годнасці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь. "Усіх грамадзян, а не аднаго грамадзяніна ці групы грамадзян з іх асабістым пунктам гледжання на працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Узгадайце пра гэта, калі будзеце стаяць перад выбарам", — падкрэсліваюць аўтары звароту.
Згадваюцца ў звароце і прадстаўнікі судовай сістэмы. Іх просяць узгадваць прысягу, калі яны зноў будуць выносіць прысуды затрыманым на мірных акцыях: "Уступаючы на пасаду суддзі, урачыста клянуся перад народам Рэспублікі Беларусь сумленна выконваць свае абавязкі, здзяйсняць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць непрадузятым і справядлівым, як загадвае мне доўг суддзі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.