Бельгійскія ўлады арыштавалі маёмасць расіян з-за справы “Юкаса”

Установы Расіі на тэрыторыі Бельгіі, за выключэннем дыпламатычных прадстаўніцтваў, атрымалі пастановы ад судовых прыставаў аб арышце дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні, піша Gazeta.ru

Арышт на расійскія актывы наклалі на падставе рашэння бельгійскага арбітражнага суда ад 18 ліпеня мінулага года паводле пазова кампаніі “Юкас”. Патрабаванні кампаніі складаюць 1,6 мільярда еўра. Такія захады былі зробленыя праз “сур’ёзныя асцярогі адносна магчымасці атрымаць належную суму”. Расійскія ўлады сістэматычна адмаўляюцца выконваць судовыя рашэнні, адзначаецца ў дакуменце.

Пад арышт трапляюць расійскія банкі, якія маюць прадстаўніцтвы ў Бельгіі, а таксама такія арганізацыі, як “Еўракантроль”, якое рэгулюе паветраны рух над Еўропай. Арышт накладваецца на маёмасць архіепіскапа Брусельскага і Бельгійскага РПЦ, а таксама на прадстаўніцтвы недзяржаўных арганізацый і СМІ.

Ілюстратыўнае фота з сайта ruposters.ru