Белавія: Лоўкоставыя кампаніі не зацікаўленыя палётамі з Мінска
Прычына — няма дастаткова вялікага пасажырапатоку.
Генеральны дырэктар авіякампаніі "Белавія" Анатоль Гусараў заяўляе, што лоўкоставыя авіяперавозчыкі не зацікаўленыя палётамі з Мінска. Ён спаслаўся на тое, што нізкабюджэтныя авіялініі выконваюць палёты па кірунках з вялікім пасажырапатокам.
“Ніводная лоўкоставая авіякампанія не зацікаўленая палётамі з Мінска. Гэта патрэбна лятаць мінімум раз на дзень, але штодня. Пажадана нават два разы. Мусіць быць вялікі самалёт, не менш за 150 месцаў. Дзе мы знойдзем такія кірункі з Мінска, якія б дазвалялі выконваць такія палёты і зрабіць перавозку таннейшай?” — заявіў кіраўнік "Белавіі" ў інтэрв’ю Белтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, што найбліжэйшыя аэрапорты, з якіх лоўкоставыя авіякампаніі ажыццяўляюць перавозкі, знаходзяцца ў Вільні, Каўнасе, Кіеве, Львове, Любліне і Варшаве. Паводле звестак віленскага аэрапорта, 10% усіх пасажыраў лоўкоставых авіякампаній, якія ў 2014 годзе лёталі праз Літву, мелі беларускія пашпарты.
Фота: hi-hat.ru