Беларусы сталі менш купляць гарэлку, рыбу, мяса, але больш садавіны і гародніны

Прадуктовы кошык беларусаў у 2024 годзе паводле дадзеных Белстата / pixabay.com
Беларусы ў 2024 годзе менш куплялі гарэлку, але больш ігрыстае віно, каньяк і лікёры, а таксама ваду. Павялічылася спажыванне гародніны і садавіны, такія дадзеныя прыводзіць Белстат.
У Беларусі на 15,7% выраслі продажы свежых агуркоў, свежых таматаў — на 2,9%, бульбы — на 13,7%, буракоў — на 13,5%, морквы — на 10%, яблыкаў — на 12,6%, цыбулі — на 9,1%.
Продажы мяса значна знізіліся. Беларусы сталі радзей купляць ялавічыну (-11,7%) і свініну (-6,4%). Затое выраслі продажы мясных субпрадуктаў і кансерваў.
Таксама беларусы сталі менш купляць рыбу, рыбныя кансервы і прэсервы з рыбы, ікру і ікорныя вырабы.
Але нечакана выраслі продажы ракападобных і малюскаў — на 26,6% у параўнанні з 2023 годам. Агулам беларусы купілі амаль 8 тысяч тон морапрадуктаў.
У 2024 годзе ўпалі продажы круп і макарон: аўсянкі і шматкоў — на 8,6%, грэчкі — на 2,2%, рысу — на 2%, макароны — на 3,6%.
Знізіліся і продажы цукру — на 5,6%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.