Беларусы не могуць вылецець з Дубая пасля пачатку ізраільска-іранскай вайны

Самалёт, ілюстрацыйнае фота

Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Пасля пачатку ізраільска-іранскай вайны з Дубая не могуць вылецець беларускія турысты.

4 чэрвеня беларуска з сынам прыляцела ў Дубай рэйсам авіякампаніі Fly Dubai. Квіток назад у Мінск быў аформлены на 14 чэрвеня. Але ў дзень вылету рэйс адмянілі, з таго часу турыстка не можа вярнуцца дадому, піша Onliner.by.

Жанчына кажа, што набывала пуцёўку праз беларускага турагента, тураператар — "Русский экспресс", кампанія ў Дубаі — Al Khalidia. Адразу пасля адмены рэйса сям’і паабяцалі працягнуць пражыванне ў гатэлі, але з пяцізоркавага перасялілі ў чатырохзоркавы. Прычым забраніравалі яго толькі на адзін дзень. Пошук новага варыянту заняў шмат часу праз затрымкі ў камунікацыі паміж тураператарам і гатэлем.

Беларуска кажа, што ім прапаноўвалі рэйсы ў Маскву і Самару, але пацвердзіць ніводзін не ўдалося. "Мы з беларускім агентам прасілі разгледзець любыя маршруты з магчымасцю даехаць да Мінска самастойна. Аднак у Fly Dubai адмовіліся саджаць беларускіх турыстаў на рэйсы, што вылятаюць у расійскія гарады", — расказвае яна.

Расійскіх турыстаў, паводле яе, вывозяць рэйсамі Fly Dubai у Самару, Маскву, Санкт-Пецярбург. Таксама лятаюць расійскія авіякампаніі "Аэрафлот" і "Победа". Беларускіх жа турыстаў на рэйсы Fly Dubai не бяруць.

"Вылет абяцалі арганізаваць на 17 чэрвеня, але дакладнай інфармацыі няма. Консульства кажа: чакайце. Тураператар — таксама. Мы тэлефануем кожны дзень, просім працягнуць пражыванне, шукаем любыя варыянты. На шчасце, нам падоўжылі пражыванне ў гатэлі да 19 чэрвеня і ўключылі двухразовае харчаванне, за што мы ўдзячныя агенту. Але далей — невядомасць", — дзеліцца падрабязнасцямі турыстка.

Паводле яе, беларусаў у Дубаі даволі шмат, але іх не вывозяць, у адрозненне ад расійскіх турыстаў.
Білеты да Мінска праз "Белавія" можна набыць толькі на 22 чэрвеня, і каштуюць яны ад 4800 рублёў.

Fly Dubai цалкам адмяніла рэйсы на мінск пасля пачатку ізраільска-іранскай вайны. Кампанія не хоча аблятаць зоны канфлікту ці рабіць дазапраўку, таму пакінула толькі маршруты на Маскву. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.