Беларускія юнацкія каманды дапусцілі да ўдзелу ў шахматных турнірах FIDE

Юнацкім беларускім шахматным камандам дазволілі выступаць на міжнародных турнірах

Юнацкім беларускім шахматным камандам дазволілі выступаць на міжнародных турнірах / pixabay.com

Міжнародная шахматная федэрацыя (FIDE) дапусціла беларускія і расійскія юнацкія каманды да міжнародных турніраў у нейтральным статусе. Раней дапускаліся толькі асобныя нейтральныя спартоўцы.

Федэрацыя звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК), каб атрымаць рэкамендацыі наконт частковага перагляду абмежаванняў — дазволіць уразлівым групам удзельнічаць ва ўсіх спаборніцтвах FIDE.

У МАК адказалі: "Кожная Міжнародная федэрацыя павінна сама разгледзець пытанне аб належным выкананні рэкамендацый Выканаўчага камітэта МАК наконт удзелу нейтральных спартоўцаў у спаборніцтвах, якімі яны кіруюць". Наконт прапановы FIDE ў МАК заявілі, што яна "не супярэчыць рэкамендацыям".

Таму Рада FIDE пастанавіла дапсціць да спаборніцтваў каманды з нейтральных спартоўцаў, моладзі (да 18 гадоў) і гульцоў з інваліднасцю. Пры гэтым абмежаванні наконт дзяржаўнай сімволікі, якія дзейнічаюць для нейтральных спартоўцаў, захаваюцца і для камандаў.

Беларусь і Расія былі выключаныя з ФІДЭ ў 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.