Беларускія вытворцы мяса згубілі $100 млн ад расійскіх абмежаванняў
А таксама страцілі 200 мільёнаў долараў ад рэзкай дэвальвацыі расійскага рубля.
Беларусь недаатрымала каля 100 мільёнаў долараў праз абмежавальныя захады, якія Расія ўвяла ў дачыненні беларускіх харчовых тавараў. Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.
Паводле інфармацыі міністра, са жніўня па снежань наша краіна недаатрымала гэтую суму праз абмежаванні на ўвоз у Расію прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў. Да таго ж вялізныя страты беларусы панеслі ад рэзкай дэвальвацыі расійскага рубля — гэта болей за 200 мільёнаў долараў, паведамляе Interfax.by.
Міністэрства сельскай гаспадаркі спадзяецца, што абмежаванні здымуць у найбліжэйшы час. Напрыканцы мінулага тыдня расійскія спецыялісты праводзілі інспекцыю беларускіх мясаперапрацоўчых камбінатаў. Гэтая праверка не выявіла праблемаў, сказаў міністр Леанід Заяц.
З пачатку кастрычніка 2014 года Расія часова прыпыніла пастаўкі прадукцыі болей як 20 беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Прадукцыя дзевяці з іх нібыта ўтрымлівала геном афрыканскай чумы свіней. У прадукцыі 17 заводаў і камбінатаў знайшлі шкодныя рэчывы — абмежаванні на экспарт для іх знялі ў канцы 2014 году. З 24 студзеня часткова аднавілі пастаўкі і 9 прадпрыемстваў, дзе знайшлі геном АЧС, паведамляе БЕЛТА.