Беларускіх дэпутатаў запрасілі на два гады ў ПАСЕ

Беларускіх дэпутатаў запрасілі на два гады ў ПАСЕ

Адмену смяротнага пакарання ў Беларусі мяркуе абмеркаваць падчас свайго візіту дакладчык ПАСЕ па нашай краіне Андрэа Рыгоні. Як паведамляе БЕЛТА, прадстаўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы плануе прыняць удзел у пасяджэнні рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнню праблематыкі смяротнай кары.

23 лістапада Рыгоні сустрэўся з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком. Падчас сустрэчы прадстаўнік ПАСЕ адзначыў пазітыўныя крокі ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Савета Еўропы, інфармуе БЕЛТА.

Пазітыўным крокам ён назваў тое, што беларускіх дэпутатаў запрасілі на два гады прысутнічаць у ПАСЕ. Дагэтуль афіцыйных прадстаўнікоў нашай краіны запрашалі на сесіі ПАСЕ, толькі калі абмяркоўвалася пытанне Беларусі. "Са студзеньскай сесіі дэлегацыя, якую вы накіруеце ў Страсбург, будзе мець магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх пытанняў у рамках палітычнай камісіі. Гэтае рашэнне — скачок іншага ўзроўню ў нашых адносінах", — падкрэсліў Рыгоні.

Ён падкрэсліў, што канчатковай мэтай з'яўляецца ўвесці Беларусь у Савет Еўропы.