Беларускага дыпламата, параненага ў Турцыі, выпісалі з лякарні

Беларускага дыпламата, параненага ў Турцыі, выпісалі з лякарні

Беларускі дыпламат, паранены ў Турцыі, ідзе на папраўку, яго выпісалі з лякарні. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Андрэй Шупляк.

"Наш калега папраўляецца. Да свайго поўнага выздараўлення ён будзе знаходзіцца дома", — удакладніў ён.

Як паведамляла Еўрарадыё, 24 ліпеня ў дарадцу беларускай амбасады ў Анкары Аляксандра Паганшава стрэлілі, калі ён вяртаўся дадому з сынам. Некалькі разоў у яго стрэліў сусед па доме, псіхічна неўраўнаважаны адстаўны вайсковец. Пасля гэтага стралок пакончыў жыццё самагубствам.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей казаў журналістам, што інцыдэнт не мае ніякай палітычнай асновы.