Беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, клічуць у КДБ на гутаркі пра "дзяржздраду"

Камітэт дзяржбяспекі

Камітэт дзяржбяспекі

Беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы дадому, выклікаюць у КДБ на прафілактычныя гутаркі. Прычым такія выклікі атрымліваюць нават тыя, хто не ўдзельнічаў у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года і не крытыкаваў уладу, піша Deutsche Welle.

Пра такі выклік у мясцовае ўпраўленне КДБ расказала журналістам жыхарка Гродзенскай вобласці: "Я даўно жыву за мяжой, рэдка, але ўсё ж прыязджаю ў Беларусь — да родных, па дакументы. На мяжы да мяне не было пытанняў, у пратэстах не ўдзельнічала, таму вельмі здзівілася, калі мяне выклікалі".

Падчас гутаркі, як кажа жанчына, яе падрабязна распытвалі, чым яна займаецца за мяжой, з кім кантактуе, ці спрабавалі яе вербаваць мясцовыя спецслужбы, ці чытае яна забароненыя ў Беларусі рэсурсы, на якія суполкі падпісаная, як ставіцца да цяперашняй улады і чаму выбірае жыць за мяжой. Усе яе адказы запісалі, пасля чаго кадэбіст спытаўся, ці ведае яна, што такое здрада дзяржаве.

"Я адказала, што чула пра такое толькі ў савецкіх фільмах. Тады ён з аркуша зачытаў, якія дзеянні могуць расцэньваць як здраду, якая за гэта пагражае адказнасць. І я павінна была падпісаць дакумент, што мне ўсё гэта патлумачылі", — кажа жанчына. Усё было фармальна, таму ў яе склалася ўражанне, што кадэбісты "выконваюць нейкі план па прафілактыцы".

Таксама выданне паведамляе, што на такія ж гутаркі выклікаюць і ў мінскае КДБ. Асаблівую ўвагу супрацоўнікі надаюць тым, хто прыязджае ў Беларусь рэдка — некалькі разоў на год. Іх таксама папярэджваюць пра адказнасць за здраду радзіме. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.