Грошай для КДБ шкадаваць не трэба — Лукашэнка

Нарада ў Лукашэнкі

Нарада ў Лукашэнкі / прэс-служба Лукашэнкі

У Камітэце дзяржбяспекі плануюць правесці "ўдасканаленне дзейнасці", але пры гэтым грашовае забеспячэнне і заробкі супрацоўнікаў скарачаць не будуць. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з сілавікамі 7 жніўня.

"Тут якраз грошай шкадаваць не трэба для тых, хто працуе ў КДБ. Грошай чэкістам шкадаваць не трэба за канкрэтныя вынікі. Мы са старшынёй тут адладзілі гэтую сістэму. Я заўсёды пасля пэўных аперацый яго папярэджваю, што хлопцы, якія зарабілі гэтыя грошы, павінны іх атрымаць, нават звыш таго", — заявіў Лукашэнка.

Таксама ён дадаў, нібыта беларусы з заводаў ірвуцца служыць у КДБ, але варта захоўваць "разумную колькасць КДБ" і рацыянальна выкарыстоўваць фінансавыя рэсурсы.

"У нас прыстойны адток ад грамадзянскіх спецыяльнасцяў у ваенныя і гэтак далей. Таму людзі патрэбныя на вытворчасці перш за ўсё. Адтуль забіраць людзей па вялікім рахунку мы не маем ніякага права. Гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку Камітэта дзяржбяспекі. Гэта калі казаць пра колькасць", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Дарэчы, Лукашэнка неаднаразова патрабаваў ад чыноўнікаў эканоміць грошы ў самых розных сферах — у падтрымцы сельскай гаспадаркі, бюджэтнікаў, навукі, культуры, аховы здароўя, будаўніцтва школ і садкоў. Сілавыя структуры, як вынікае, у прыярытэце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.