Дэмсілы параілі беларусам, што рабіць, калі іх спрабуюць вербаваць

КДБ
Апошнім часам сталі больш частымі выпадкі, калі беларусаў за мяжой сталі спрабаваць завербаваць супрацоўнікі КДБ. Яны звяртаюцца да беларусаў у розных краінах — Літве, Польшчы, Грузіі.
Офіс Святланы Ціханоўскай даў парады суайчыннікам, як дзейнічаць пры спробах вярбоўкі.
Агульныя правілы бяспекі:
— Не рэагаваць на падазроныя прапановы працы, асабліва звязаныя з арганізацыяй мерапрыемстваў і акцыяў пратэсту ці з нанясеннем надпісаў на будынкі.
— Ігнараваць прапановы супрацоўніцтва або дапамогі ад акаўнтаў ці асобаў, якія звязваюцца па-за афіцыйнымі каналамі дэмакратычных сілаў.
— Ігнараваць прапановы атрымаць пашпарт "Новай Беларусі" ці іншыя льготныя схемы ад пабочных асобаў.
— Не перадаваць інфармацыю групам ці асобам, якія заяўляюць, што звязаныя з беларускімі спецслужбамі. Любыя персанальныя ці палітычныя даныя могуць быць выкарыстаныя супраць вас і вашай сям’і. Больш за тое, такое супрацоўніцтва відавочна незаконнае ў краіне вашага знаходжання і можа мець сур’ёзныя наступствы — ажно да крымінальнай адказнасці і дэпартацыі.
У тым разе, калі кантакт ужо ўсталяваны, рэкамендуецца не пагаджацца на супрацоўніцтва і не перадаваць ніякіх звестак, а пры пагрозах або ціску — звяртацца ў мясцовыя праваахоўныя органы і спецыяльныя службы.
Таксама ў Офісе Ціханоўскай нагадалі правілы бяспекі ў інтэрнэце:
— правяраць крыніцы інфармацыі і кантактаў;
— не пераходзіць па сумнеўных спасылках;
— не спампоўваць файлы ад незнаёмых адпраўнікоў;
— не заходзіць на сайты, якія імітуюць дэмакратычныя праекты (напрыклад, пад выглядам "Новай Беларусі") для збору даных;
— карыстацца бяспечнымі каналамі сувязі.
"Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў за мяжой быць уважлівымі, захоўваць салідарнасць і паведамляць пра любыя спробы вербавання ў праваахоўныя органы краінаў, дзе вы знаходзіцеся", — кажа Леанід Марозаў, дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.