Беларусаў у Іспаніі вызвалілі з працоўнага рабства

Падпольная фабрыка, дзе працавалі беларусы / okdiario.com
У Іспаніі грамадзянская гвардыя і мытная служба ліквідавалі злачынную арганізацыю, якая займалася вырабам і распаўсюдам кантрафактных і кантрабандных цыгарэтаў. Праваахоўнікі вызвалілі з працоўнага рабства 18 чалавек розных нацыянальнасцяў, якія працавалі на дзвюх падпольных цыгарэтных фабрыках.
Як расказвае іспанскае выданне Okdiario, сярод вызваленых былі грамадзяне Беларусі, Кітая і В'етнама. 12 грамадзян Беларусі і Кітая падалі прашэнні аб вяртанні ў свае краіны, в'етнамцы хадайнічалі, каб ім дазволілі застацца ў Іспаніі.
Паводле інфармацыі СМІ, рабочыя прыбылі ў Іспанію чатыры месяцы таму. Іх вербавалі праз Фэйсбук, запрашаючы працаваць у будаўнічай сферы і абяцаючы заробкі ў 2,5—3 тысячы еўра ў месяц. Прыезджых сустрэлі ў Малазе і адвезлі на падпольную фабрыку, дзе ў іх забралі мабільнікі. Яны былі ў палоне больш за 100 дзён, жылі ў перапоўненых памяшканнях і працавалі па 12 гадзін у дзень. Аплаты ім не выдавалі, заяўляючы, што яны нібыта павінны пакрыць выдаткі за дастаўку ў Іспанію.
Праваахоўнікі арыштавалі 21 чалавека. На дзвюх падпольных фабрыках канфіскавалі сродкі вытворчасці на суму больш за 3 мільёны еўра. паведамляецца, што на гэтых вытворчасцях можна было вырабляць да 8 млн цыгарэт штодня, што азначае каля 2 млн еўра шкоды для бюджэту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.