Беларусам давядзецца плаціць, каб пераехаць праз мяжу ў Латвію

На беларуска-латвійскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / Мытны камітэт
Кіроўцы, якія едуць у Латвію з боку Беларусі, будуць абавязаныя загадзя прайсці платную анлайн-рэгістрацыю. Адпаведныя змены ў закон аб дзяржаўнай мяжы прыняў урад Латвіі.
Згодна з новаўвядзеннем, для перасячэння знешняй сухапутнай мяжы Латвіі трэба будзе загадзя зарэгістравацца ў спецыяльнай электроннай сістэме папярэдняга запісу і кіравання чаргой для аўто. Без такой рэгістрацыі трапіць у краіну праз пункты пропуску будзе немагчыма.
Рэгістрацыя будзе платнай. Атрыманыя ад яе сродкі , пойдуць на падтрыманне і развіццё гэтай сістэмы.
Калі менавіта пачне дзейнічаць платная рэгістрацыя і колькі яна будзе каштаваць, пакуль невядома.
Міністр транспарту Латвіі Аціс Швінка патлумачыў увядзенне платнай рэгістрацыі "геапалітычнай сітуацыяй". Ён заявіў, што новаўвядзенне дапаможа спрасціць і паскорыць перасячэнне мяжы, бо знікнуць доўгія жывыя чэргі, палепшыцца арганізацыя руху і павысіцца бяспека на мяжы.
Цяпер з Беларусі ў Латвію можна трапіць толькі праз адзін пункт пропуску — Грыгараўшчына (з боку Латвіі — Патэрніекі).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.