Беларуса, які напаў на Латушку, дэпартавалі з Польшчы на радзіму

Яўген Казанцаў / фота з яго сацсетак
33-гадовага Яўгена Казанцава, які напаў на Паўла Латушку ў Варшаве, ужо дэпартавалі з Польшчы ў Беларусь. Пра гэта журналістам тэлеканала "Белсат" паведамілі ў Акруговай пракуратуры Варшавы.
Прэс-сакратар пракуратуры Антоні Скіба сказаў: "У дачыненні да асобаў, якія здзейснілі злачынствы на тэрыторыі Польшчы і маюць беларускае грамадзянства, у Памежную службу перадаюцца хадайніцтвы наконт дэпартацыі і накладання забароны на ўезд у Шэнгенскую зону. Такая мера была прынятая ў дачыненні да асобы, якая здзейсніла напад на колішняга амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушку".
Інцыдэнт адбыўся 2 ліпеня ў Цэнтры ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту. Падчас урачыстага сходу беларус Яўген Казанцаў кінуў сметніцу ў намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету, старшыню НАУ Паўла Латушку. Пры гэтым малады чалавек крычаў, быццам Латушка "здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў".
Студэнта Варшаўскага ўніверсітэта Казанцава абвінавацілі ў паклёпе і парушэнні цялеснай недатыкальнасці.
У пракуратуры казалі, што нападнік прызнаў віну, назваў свой учынак неабдуманым і папрасіў прабачэння за інцыдэнт. Яго аштрафавалі на 6000 злотых (каля 1500 долараў) і абавязалі кампенсаваць судовыя выдаткі. Тады ж пракуратура прыняла пастанову аб дэпартацыі.
Адразу пасля затрымання Казанцаў расказваў журналістам, што напаў на Латушку, бо ў яго скончылася віза, ён выгараў і не змог абараніць навуковую працу. Ён выказваў меркаванне, што напад на Латушку дазволіць яму свабодна вярнуцца ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.