Беларуса арыштавалі за рэпост перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі 2010 года
У Наваполацку супрацоўніка "Нафтана" Андрэя Апета арыштавалі за рэпост у сацсетках перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі 2010 года, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Рэпост быў зроблены ў 2016 годзе з партала TUT.by, які цяпер прызнаны экстрэмісцкім.
33-гадовага Апета міліцыянты затрымалі на прахадной завода 13 снежня і даставілі ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На суддзе 16 снежня мужчына патлумачыў, што нават не рабіў рэпост, а толькі скапіяваў тэкст, дзе ў канцы была спасылка на матэрыял. Апет дадаў, што пасля прызнання TUT.by "экстрэмісцкім" адразу выдаліў усе рэпосты, аднак на гэты матэрыял не звярнуў увагі.
Суддзя Зінаіда Балаболава прысудзіла яму 15 сутак арышту.